“Тут зусім няма сьнегу” -- горацкая студэнтка, якая засталася на год у Вялікабрытаніі, распавядае пра свае ўражаньні

Абмежаваньне выезду студэнтаў на замежную практыку асабліва не спадабалася студэнтам Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі (Горкі). Многія зь іх ніколі не хавалі, што паступіць у галоўнае аграрнае ВНУ краіны спакусіла менавіта магчымасьць працы ў ангельскіх, нямецкіх і францускіх фэрмэраў падчас вучобы і летніх вакацыяў. Менавіта таму 2004 год стаўся часам барацьбы за апошнія месцы, прадугледжаныя эўрапейскімі аграрыямі для Горацкай акадэміі. Менавіта таму шмат хто гарэў жаданьнем застацца ў Эўрапейскім саюзе, бо зноў пабачыць Лёндан, Бэрлін ці Парыж станавілася амаль недасягальнай марай. І многія засталіся. Як склаўся іх далейшы лёс – распавядае з сталіцы Аб’яднанага каралеўства адна з студэнтак БДСГА.

Ці складана асесьці ў Вялікабрытаніі?

Застацца тут, на мой погляд, вельмі лёгка. Галоўнае ўсё пасьпець зрабіць. Можна працягнуць візу, зрабіць сабе іншы пашпарт, знайсьці мужа і атрымаць грамадзянства, можна нарабіць сабе кучу іншых дакумэнтаў, якія будуць пацьвярджаць, што ты –грамадзянін краіны, якая ўваходзіць у Эўрапейскі саюз.

А самі ангельцы не супраць?

Наадварот. Мне здаецца, яны вельмі па-сяброўску да гэтага падыходзяць. Тым больш славянкі ў 100 разоў прыгажэйшыя за мясцовых дзеўчынаў.

І што даводзіцца рабіць?

Працаваць можна шмат дзе. Мне ўдалося ўладкавацца ў рускай краме ў Лёндане. Падабаецца вельмі, выдатны калектыў і вясёлы! Адзіны недахоп – цяжкі графік. Падымацца даводзіцца а 8-ай раніцы, пачатак працы а палове на адзінаццатую. Вяртацца дамоў даводзіцца позна. Пасьля працы ёсьць час на адпачынак. Можна дзе-небудзь пасядзець. На выходных ходзім у парк, музэі, выставы, кіно. А ўвогуле праца ў краме такая, што я толькі выходзячы на вуліцу, разумею, што знаходжуся ў Вялікабрытаніі – тут столькі рускамоўных! 

А беларусы?

Непадалёку ад мяне жыве дзяўчынка, якая таксама прыехала сюды з Горак. А ўвогуле пра Беларусь тут ведаюць няшмат. Збольшага шмат хто ведае нашага прэзыдэнта, які, як тут далікатна мяркуюць, “усіх моцна трымае”. У мяне прыватна склалася ўражаньне, што ангельцы – зусім іншы народ, вельмі не падобны да нас па ўсіх парамэтрах, нават па адукацыі, хаця ёсьць выключэньні.

Беларусы, перадусім, едуць сюды, каб заробіць грошы. Аднак скажу вам, што гэта не так лёгка – трэба эканоміць, бо тут усё дарагое, але жыць вельмі цікава. Я пакуль проста жыву і ўсе грошы трачу і мне так падабаецца. Потым пазьней пачну зьбіраць, нешта адкладаць.

Ты сьніш Радзіму?

Англія для мяне збольшага як нешта вывучанае, але не да канца, безумоўна. Можна сказаць, што я яшчэ напачатку гэтага шляху, але ўжо тое-сёе разумею. Наконт сноў, я нават не ведаю, але гэта не значыць, што я не сумую. Часам вельмі-вельмі хочацца дахаты. Усё тут кінуць і зьехаць, але нешта трымае, не ведаю. А часам мне тут так падабаецца!.. І ўсё ж, тут зусім няма сьнегу, дрэнна.  

horki 09:21, 19/12/2005 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.06 seconds.