Дзень народзінаў Караткевіча і "Пагер-вершы" Лабадзенкі

Увечары 7 сьнежня Дом Літаратараў вітаў прыхільнікаў творчасьці Ўладзіміра Караткевіча, а таксама тых, хто неабыякавы да сучаснай беларускай паэзіі. Сабрацца ўсім разам было дзьве выдатныя нагоды: 75-ая гадавіна з Дня Народзінаў знакавага беларускага пісьменьніка й паэта Ўладзіміра Сымонавіча Караткевіча і прэзэнтацыя складанкі вершаў маладога, але ўжо даволі вядомага журналіста і паэта Глеба Лабадзенкі.

Сказаць, што быў аншляг, нельга, дакладней будзе – перааншляг: людзі сядзелі, стаялі ў праходах, таўкліся за кулісамі і зазіралі з фае – адно толькі не зьвісалі са столі. 

Уладзімір КараткевічПершым сказаць колькі цёплых слоў пра Ўладзіміра Сымонавіча выйшаў Ніл Гілевіч. Ён распавёў, як некаторыя чамусьці лічаць, што яны з Караткевічам ставіліся адзін да аднаго ня надта прыязна. “Гэта зусім ня так! – абураўся спадар Ніл. – Мы сябравалі і падтрымлівалі адзін аднаго”.

Выказаў ён і рэзкую крытыку ў адрас тых, хто, ня маючы пры жыцьці пісьменьніка блізкіх сяброўскіх адносінаў зь ім, дазваляюць сабе зараз фамільярна называць Уладзіміра Сымонавіча Валодзем і публічна ўзгадваць, як яны ледзьве не адной лыжкай хлябалі боршч. Эдуард Акулін – вядучы вечарыны – назваў такую зьяву “літаратурным панібрацтвам”.

Але наступны выступоўца – Генадзь Бураўкін – безумоўна, мог сабе дазволіць ня толькі называць пісьменьніка Валодзем, але і распавесьці вельмі забаўную гісторыю пра кажух. А было ўсё так: аднойчы Караткевіч, Бураўкін і яшчэ некалькі чалавекаў паехалі на вёску да бацькоў Максіма Танка. Было вельмі зімна, а менская інтэлігенцыя была - зразумела - апранута па-гарадзкому. Невядома, што вымусіла гаспадара хаты пашкадаваць менавіта Караткевіча - мо тое, што ўсе былі ў якіх-ніякіх шапках, а Ўладзімір Сымонавіч мерз у бярэціку - але факт застаецца фактам: яму аднаму быў выдзелены выдатны цёплы кажух. Караткевічу ён так спадабаўся, што ён не адразу згадзіўся зь ім разьвітацца. Мой кажух і ўсё тут!

А пасьля Кася Камоцкая прасьпявала некалькі песьняў Алеся Камоцкага на вершы Караткевіча. На жаль, сам спадар Алесь прыйсьці ня здолеў.

Наступным, хто падзяліўся сваімі ўспамінамі быў - у спадара Эдуарда аж язык не паварочваўся так сказаць - былы галоўны рэдактар часопіса “Полымя” Сяргей Законьнікаў. Распавёў, як яны на Ушаччыне, скачучы праз купальскае вогнішча, спалілі гармонік. Як Уладзіміра Сымонавіча ўзнагародзілі ордэнам “Дружбы Народаў”, пра які ён пасьля са сьмехам скажа: “Калі настаўнічаў на Ўкраіне, мяне лічылі ўкраінскім нацыяналістам. Калі вярнуўся на Беларусь - пачалі называць нацыяналістам беларускім. Такім чынам я і мацаваў Дружбу Народаў”.

А напрыканцы Сяргей Іванавіч працытаваў: “Калі мы ня ўстанем самі, не падыме нас ніхто!..”

Пасьля адбылося неверагоднае: мы пачулі самога Ўладзіміра Сымонавіча! У поўнай цішыні прагучаў запіс верша “О, цёплае, цёплае, цёплае мора”. У такой жа цішыні ўражаныя госьці слухалі песьню Эдуарда Акуліна, прысьвечаную Караткевічу.

Лірычны настрой разагнаў Уладзімер Някляеў, які пачаў распавядаць, як яны шукалі мітычнае лецішча Караткевіча. Неяк Уладзімір Сымонавіч запрасіў Някляева прыехаць да яго на лецішча, маўляў, недалёка ад Менска стаіць такі файны домік, абнесены залатымі дубамі. Някляеў на авантуру падбіўся, хаця і быў стопрацэнтова ўпэўнены: ніякага доміка з дубамі ў прыродзе не існуе. Праз гадзіну блуканьня па лесе на таксоўцы, ён ужо сумняваўся, а можа і існуе гэтая хата? А праз дзьве, паэт быў упэўнены: ёсьць яна! Але таксіст - сабака - спэцыяльна не паказвае дзе. “Так і зь гістарычнымі раманамі Караткевіча, - заверыў усіх спадар Уладзімер, - пачынаеш чытаць: ну ня можа ж такога быць! А пад канец проста ўпэўнены: і не такое бывае”. А скончыў паэт чытаньнем верша “Хадок”, прысьвечанага Караткевічу.

Наступны выступоўца – Леанід Дранько-Майсюк – працягнуў традыцыю расповеду цікавых гісторыяў. Распавёў ён пра Тэадора Крыжку, які аднойчы, зацікаўлены адной з кніг Караткевіча, папрасіў у аўтара падараваць яе яму. Уладзімір Сымонавіч адмовіў, але паабяцаў: “Я падарую Вам свой наступны твор”. І сапраўды, праз некаторы час ён праз спадара Леаніда перадае ў Славакію знакаміты “Чорны замак Альшанскі” з уласным подпісам. На што бязьмежна ўдзячны спадар Тэадор просіць Дранько-Майсюка адвесьці Караткевічу сваю кнігу са словамі: “Ваш Караткевіч – гэта Сонца, якое не заходзіць і ноччу”. На жаль, спадар Леанід ня здолеў аддаць кнігу – праз колькі дзён пасьля ягонага вяртаньня са Славакіі Ўладзімір Сымонавіч памірае... Але тая кніга і зараз захоўваецца ў музэі Караткевіча.

Глеб ЛабадзенкаНе ўсе, хто ў гэты вечар хацеў выказацца, змог гэта зрабіць – час быў абмежаваны. Тым больш, што наперадзе чакала наступная імпрэза, дакладней – другая частка вечарыны, у якую плаўна й лягічна перайшла першая: прэзэнтацыя зборніка вершаў Глеба Лабадзенкі “Пагер-вершы”. Вельмі цікавы, абсалютна сьвежы й самабытны погляд на сучаснае быцьцё.

Глеб – таленавіты журналіст, ляўрэат літаратурных прэміяў “Залаты апостраф”, “Дзень Зямлі” і прэміі імя Натальлі Арсеньневай, выпускнік Беларускага Ліцэю імя Якуба Коласа і проста цікавы чалавек.

Вось што піша літаратурны крытык Павал Абрамовіч: “Свае паэтычныя творы Глеб спачатку дасылаў знаёмым праз пэйджэр, тым самым «падключаючы» да сучаснай беларускай літаратуры апэратарак пэйджынгавых кампаній. Замест так званых пагер-вершаў Глеб цяпер стварае мабіл-вершы, выкарыстоўваючы рэсурс SMS. Разам з сусьветнымі тэхналёгіямі пашыраюцца магчымасьці ды аўдыторыя і нацыянальнай літаратуры. І гэта надае надзеі”.

Кніга Глеба й складаецца з тых вершаў, якія ён дасылаў сваім сябрам і знаёмым.

Падтрымаць і выказаць сваю павагу да маладога паэта прыйшлі Генадзь Бураўкін, які пажартаваў: “Які ж адсталы паэт Пушкін: пісаў гусіным пяром! Вось Глеб – чалавек сучасны – піша пры дапамозе пэйджэра” (кніга надрукавана ў гэткім мабільным стылі: е замест ё, 1 замест і), Рыгор Сітніца, які аздабляў кніжыцу, маляваў той самы пэйджэр на вокладцы, Андрэй Хадановіч, які рэдагаваў зборнік, Леанід Дранько-Майсюк.

На сцэну выйшаў і Ўладзімір Някляеў. Ён распавёў, як яму патэлефанаваў Глеб і сказаў: “Уладзімір Пракопавіч, ведаеце, мы з Вамі нарадзіліся ў адзін дзень. Гэта, па-Вашаму, прыкольна?”“Ну прыкольна, - адказаў паэт, - але б і калі мы нарадзіліся не ў адзін дзень, было б няблага”. – “А калі Вы прыдзеце да мяне на прэзэнтацыю кнігі, як думаеце, будзе прыкольна?” – “Вельмі, - адказаў спадар Уладзімер і згадзіўся прыйсьці.

На жаль, на сцэне Дома Літаратараў мы не пабачылі Рыгора Барадуліна, які прымаў вельмі актыўны ўдзел у справе выданьня зборніка.

На вечарыну прыйшлі і сябры Глеба. Пералічыць па імёнах усіх, хто сядзеў у залі не падаецца магчымым, але назаву тых, хто выходзіў на сцэну. Гэта сьпявачка Вольга Саленьнік, Ўладзя Лінкевіч з Аляксандрай (гітара, скрыпка і дужа файная песьня), Тацьцяна Беланогая, што выканала “Дзеці неба”, Зьміцер Язьвінскі (гурт “Rahis”) зь песняй “Пра самых моцных”, Яўген Валошын (“Катакомба”), які дарэчы прасьпяваў песьню на словы самаго Глеба, Віктар Жыбуль (вельмі хочацца павіншаваць яго і ягоную жонку з народзінамі дзіцяці і пажадаць не спыняцца на дасягнутым!), прызнаны плэйбой спадар Сьвярдлоў. Яны сьпявалі, дэклямавалі вершы Глеба і проста зычылі яму далейшых посьпехаў.

Скончыў вечарыну сам Глеб чытаньнем сваіх вершаў. Пажартаваў: “ Буду чытаць, пакуль ня згасяць сьвятло”.

Хочацца пажадаць Глебу, каб ніколі не згасала сьвятло натхненьня ў ягонай душы, каб не пераводзіліся музы і каб было як мага болей прыемных нагодаў узяцца за асадку-тэлефон-пэйджэр. Посьпехаў табе!

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0599 seconds.