Студэнты падпісваюцца ў знак салідарнасьці з Тацянай Хома
Выключаную з БДЭУ студэнтку Тацяну Хома падтрымліваюць студэнты з многіх краінаў сьвету. Людзьмі, салідарнымі з Тацянай, распрацаваныя старонкі ў ейную падтрымку.
За чатыры дні болей 4000 прадстаўнікоў больш чым 40 краінаў падпісаліся пад патрабаваньнямі:
- Тацяна Хома павінна працягнуць навучаньне ў БДЭУ.
- Тацяна Хома павінна мець магчымасьць жыць у сваім інтэрнаце.
- Усе студэнты Беларусі павінны мець права ўдзельнічаць як у нацыянальным так і ў міжнародным студэнцкім руху.
На старонцы, распрацаванай нарвэжскай студэнцкай арганізацыяй, прысутнічае і шмат подпісаў зь Беларусі.
У беларускім інтэрнэце таксама створаная старонка ў падтрымку Тацяны Хома. Стваральнікі рэсурсу кажуць, што "ня ведаюць Тацяну прыватна, але кіруюцца пачуцьцём салідарнасьці і заклікаюць іншых студэнтаў падтрымаць студэнтку, а разам з тым усіх студэнтаў, паставіўшы свой подпіс". На старонцы ўжо болей 500 подпісаў.