На будоўлі Нацыянальнай бібліятэкі працуюць студэнты-праграмісты

Нацыянальная бібліятэкаАдміністрацыі менскіх унівэрсытэтаў пачалі масава дасылаць студэнтаў на будаўніцтва Нацыянальнай бібліятэкі. Так, 15 лістапада чарговай “групай экстрыму” стаў 4-ы курс факультэту прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ. Студэнтаў папярэдзілі, што заняткі ў гэты дзень адмяняюцца, і ўсе ў 12:30 мусяць быць каля ўваходу ў бібліятэку “для добраўпарадкаваньня памяшканьняў”. Кіраўніцтва факультэта папярэдзіла студэнтаў, што да тых, хто аслухаецца загаду, “будуць прымяняцца жорсткія меры”. 

У прызначаны час ўвесь курс зьявіўся побач зь бібліятэкай. А гэта каля 120 студэнтаў. Усе студэнты, адстаяўшы доўгую чаргу, пакінулі свае подпісы побач са сваім прозьвішчам у сьпісе студэнтаў, зь­ якім стаяў прысутны выкладчык – адзначыліся ў пройдзеным інструктажы па тэхніцы бясьпекі.

Нацыянальная бібліятэка

Як высьветлілася пазьней, на прыборку памяшканьняў у гэты дзень патрабавалася 90 студэнтаў. Астатнім пашчасьціла і яны змаглі сысьці па сваіх справах.

Як распавяла пасьля адна з студэнтак: “Мы стаялі без справы хвілінаў 40, ня ведаючы, што будзе далей. Пасьля нам сказалі ісьці на 11-ы паверх. Пешшу. Мы трапілі ў маленькі цёмны пакой зь некалькімі стэляжамі. Усе не зьмясьціліся, таўкліся ў калідоры, спрабуючы высьветліць што да чаго. Праз хвілінаў пяць высьветлілася, што гэта – гардэроб, і трэба пакінуць свае рэчы і ісьці далей. Пакінулі рэчы і пару “ахоўнікаў” і рушылі далей. Але потым апынулася, што далей нам нельга! Зусім вясёлыя патэпалі назад, паведамілі кіраўнікам, што не пускаюць. Нам сказалі: ну добра, ідзем на дзесяты...”

Нацыянальная бібліятэка

Студэнтаў усім кагалам завялі на 10-ы паверх. Па іх адзнаках, шлях гэты быў ня зусім бясьпечны. Памяшканьні яшчэ не дабудаваныя, шмат што не працуе, сьвятло працуе толькі ў вызначаных месцах, паўсюль мільгаціць зварка. Таксама ўпэўненасьці не надавалі вядомыя расповеды ў прэсе пра акалічнасьці будаваньня бібліятэкі – нетрываласьць глебы, дзе стаіць забудова, неідэальная арганізацыя працы ў кіраваньні будаўнікамі.

Студэнтаў падзялілі на некалькі групаў і накіравалі па розных памяшканьнях. Адна з жанчынаў-супрацоўніцаў патлумачыла, што студэнты павінны адмыць трубы, стэляжы, сьцены і столі. Задача была зь нялёгкіх, паколькі дабрацца да столі без дастатковай колькасьці прыстасаваньняў ня проста. Але студэнты выкарыстоўвалі ўсе свае здольнасьці і хітрыкі.

Але студэнты выкарыстоўвалі ўсе свае здольнасьці і хітрыкі

Пад канец працы супрацоўніца будоўлі адзначыла, што працуюць ФПМаўцы вельмі павольна і няякасна.  А ў прыклад прывяла студэнтаў, якія працавалі за дзень да гэтага і вымылі паўтары вялікіх памяшканьні. На такую заўвагу ФПМаўцы з гонарам адказалі, што спэцыялізацыя ў іх зусім адрозная ад прыбіральшчыкаў памяшканьняў, таму працуюць як умеюць.

Унёсак студэнтаў у будаўніцтва “нацыянальнай скарбніцы” ўжо і так даволі вялікі. У мінулым годзе студэнтаў многіх ВНУ прымушалі даваць ахвяраваньні на будаўніцтва бібліятэкі, у многіх проста здымалі пэўную суму са стыпэндыі на будаўніцтва, а зараз студэнты розных спэцыяльнасьцяў яднаюцца ў прыборцы памяшканьняў бібліятэкі ад будаўнічага бруду.

Але студэнты выкарыстоўвалі ўсе свае здольнасьці і хітрыкі

Зараз у недабудаваную бібліятэку студэнты ходзяць цэлымі курсамі. Наколькі папулярнай будзе бібліятэка пасьля яе адкрыцьця? 

У прыватных размовах многія студэнты кажуць, што немэтазгодна будаваньне адной вялізнай і дарагой бібліятэкі. І прапануюць альтэрнатыўны плян дапамогі студэнтам у карыстаньні кнігамі – лепш пабудаваць па ўсёй Беларусі сетку якасных студэнцкіх бібліятэк з кампутарамі, і праз інтэрнэт праглядаць рэдкія і найбольш унікальныя кнігі ці іншыя матэрыялы. І грошаў меней на гэта пойдзе, чым на “дыямэнт”, і студэнтам гэта рэальна дапаможа. Бо студэнту з рэгіянальнага ВНУ наўрад ці будзе зручна езьдзіць чытаць кнігі ў Менск. 

Воля Кузьміч 19:00, 16/11/2005
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0619 seconds.