Shuma выдала клубны фолк-альбом

Гурт Shuma прэзентаваў у сеціве новы альбом «Сонца». Беларускія народныя песні на ім аранжыраваныя ў рэчышчы актуальнай клубнай музыкі – слухачоў чакае атмосферны deep house з адточаным гукам і глыбокім басам. Канцэртная прэзентацыя дыска ў Мінску адбудзецца 27 мая ў ангары «Хуліган» пры падтрымцы інтэрнэт-аператара «Атлант Тэлекам».

Гісторыя альбома «Сонца» пачалася з просьбы кампаніі «Керамін» напісаць музыку для дэфіле Keramin Fashion Show 2016 у стылі Shuma, які спалучае народныя песні і сучасныя музычныя стылі. У параўнанні з дэбютным альбомам «Жніво» (2015) саундтрэк для показу атрымаўся больш дынамічным і танцавальным. За гук і аранжыроўкі адказваў мінскі саўндпрадусар Alexis Scorpio (Аляксей Карабейнік), які актыўна працуе са студыямі ЗША.

Прэм’ерны паказ мод пад акампанемент Shuma з вялікім поспехам адбыўся ў лютым 2016. Пасля гэтага гурт запрашалі і на іншые фэшн-мерапрыемствы. А саўндтрэк ператварыўся ў другі поўнафарматны альбом калектыва, які сёння выдаў беларуска-расійскі лэйбл Sunwoofer. Лічбавую версію можна набыць на iTunes і GooglePlay.

– Гэта сучасны танцавальны альбом. Мы б хацелі, каб ён гучаў на танцполах у Беларусі і за яе межамі. Каб гэтыя багатыя на мелодыку песні працягвалі жыць і дарыць людзям эмоцыі, распавядае вакалістка і ідэйная натхняльніца праекта Руся. – Трэкі з яго зручна граць ды-джэям, таму што яны вытрыманыя ў адным тэмпе, у іх нават пакінутыя адмысловыя хвасты для звядзення.

Shuma «Рано рано» https://youtu.be/IBauV0Tspw4

Практычна пераверыць альбом «Сонца» на танцавальнасць можна будзе 27 мая ў ангары «Хуліган» у межах вялікага сольнага канцэрта. Адмыслова для яго музыкі рыхтуюць не толькі канцэртныя аранжыроўкі лепшых песень з двух альбомаў, але таксама новыя касцюмы і арыгінальны візуальны шэраг.

У сакавіку 2016 дэбютны альбом Shuma «Жніво» перамог у намінацыі «Альбом года» на ўзнагародах Experty.by па галасах беларускіх і замежных музычных журналістаў. У якасці галоўнага прыза гурт атрымаў рэкламна-інформацыйную подтрымку канцэрта ад інтэрнэт-аператара «Атлант Тэлекам».

Квіткі: ад 200 тыс. руб. да 250 тыс. руб (у дзень канцэрта). Продаж: «Тэатральная каса», «Хуліган», а таксама Bezkassira.by, Eventer.by. Інфалінія: +375 29 944 68 13

11:22, 23/05/2016 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0727 seconds.