Tallinn Music Week: «У Беларусі напэўна шмат схаваных талентаў»

З 31 сакавіка да 2 красавіка ў сталіцы Эстоніі адбудзецца найбуйнейшы ў краінах Усходняй Еўропы шоўкейс-фестываль Tallinn Music Week, дзе музыкі з розных краін будуць змагацца за ўвагу публікі і міжнародных экспертаў. Трэці год запар пра падтрымцы Experty.by у ім будуць браць удзел і беларусы.


Superbesse TMW2015, by Rytis Seskaitis

Фестываль кожны год збірае каля 20 тысяч гледачоў, а таксама некалькі сотняў прадстаўнікоў лэйблаў, фестываляў і агентаў з Еўропы і іншых рэгіёнаў свету. Музыкі выступаюць на 30 клубных сцэнах, большасць з якіх месціцца ў цудоўнай гістарычнай частцы Таліна. За 3 дні на іх выступае больш за 200 артыстаў. На фестываль 2016 года прыйшло больш за 1000 заявак, 80 з якіх з Беларусі. Спіс удзельнікаў будзе абвешчаны 3 лютага.

«Я не магу назваць імёны, але на гэты момант на фінальнай стадыі пацверджання ўжо ёсць некалькі беларускіх артыстаў розных стыляў. Яшчэ некалькі ў запасным спісе, – распавёў у інтэрв'ю Experty.by праграмны дырэктар фестывалю Іва Ківіорг. – Важна разумець, што адбор вядзецца не па краінах і прывязаных да іх квотах, а па тым, хто больш падыходзіць пад пэўныя канцэрты. Таму калі вас не абралі ў гэтым годзе, гэта не значыць, што ваша музыка нікому не спадабалася ці вы патрапілі ў нейкі чорны спіс. Абавязкова абнаўляйце інфармацыю ў заяўцы і падавайце яе ў кожным наступным годзе, пакуль не дасягнеце сваёй мэты».

Менавіта з Tallinn Music Week пачалася міжнародная цікаўнасць да беларускага рок-гурта Super Besse, які ў 2015 годзе выдаў дэбютны альбом "63610*" у Еўропе і Вялікабрытаніі, а цяпер рэгулярна выступае ў краінах Балтыі, Францыі, Фінляндыі, Нямеччыне.

«Мне здаецца, што ў Беларусі цікавая музычная сцэна, але ў вас напэўна ёсць яшчэ шмат схаваных талентаў – артыстаў, якія яшчэ маюць заявіць пра сябе. Галоўнае не баяцца адправіць заяўку, –лічыць Іва Ківіорг. – Магу сказаць, што эстонскі фолк-гурт Trad Attack! упершыню сабраўся за некалькі месяцаў да Tallinn Music Week і яны адправілі нам свае самыя першыя дэма-запісы. Іх адабралі ў праграму і на фэсце адбыўся адзін з іх першых выступаў, пасля якога іх адразу заўважылі і ў Эстоніі, і за мяжой… За два гады існавання яны выдалі альбом у Нямеччыне і выступілі ў шматлікіх краінах Еўропы, у тым ліку ў Беларусі».

Фестываль Tallinn Music Week 2016 адбудзецца з 31 сакавіка да 2 красавіка. Адзіны квіток для гледачоў на ўсе дні і канцэрты фестывалю да 2 лютага каштуе 45 еўра, набыць яго можна на сайце Piletilevi.ee. Дэлегацкая акрэдытацыя з доступам на прафесійную канферэнцыю, усе канцэрты і кантактамі ўдзельнікаў фестывалю, да 2 лютага каштуе 160 еўра. Рэгістрацыя дэлегатаў на сайце www.tmw.ee.


13:30, 28.01.2016 | Навіны |




Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0449 seconds.