Новы рэктар БДУ заявіў, што зьбіраецца пашыраць ужываньне беларускай мовы ўва унівэрсэтэце

Толькі ў мінулую нядзелю Васіль Стражаў вярнуўся з Бэрліна, і новае прызначэньне стала для яго абсалютнай нечаканасьцю. Але ён ужо падрыхтаваў папярэдні плян сваёй працы, пачаўшы з гутарак на ўсіх факультэтах і прапаганды творчай самастойнай працы студэнтаў. З новым рэктарам БДУ Васілём Стражавым размаўляў  карэспандэнт Радыё Свабода.

У першай прамове на пасадзе рэктара Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Васіль Стражаў заявіў пра імкненьне далучыць БДУ да так званага “балёньскага працэсу” ў вышэйшай адукацыі, які быў заснаваны прадстаўнікамі краінаў Эўразьвязу на сустрэчы ў італьянскай Балёньні ў 1999 годзе, калі яны прынялі гістарычнае рашэньне аб уніфікацыі сыстэмы двухузроўневай вышэйшай адукацыі. Васіль Стражаў пасьля адстаўкі з пасады міністра адукацыі ў 2001 годзе шмат займаўся гэтай тэмай, супрацоўнічаў з амэрыканскімі і нямецкімі адмыслоўцамі. Разам з амэрыканскімі калегамі ён піша працу пра постсавецкую адукацыю.

(Карэспандэнт: ) “Васіль Іванавіч, вы ўжо сустракаліся з Аляксандрам Лукашэнкам?”

(Стражаў: ) “Сустракаўся”.

(Карэспандэнт: ) “Што ён казаў, як ён вас натхніў на працу?”

(Стражаў: ) “Ён, павінен вам сказаць, зноў падкрэсьліў вялізную ролю дзяржаўнага ўнівэрсытэту ў разьвіцьці нашай краіны і яшчэ раз сказаў, што трэба і надалей надаваць увагу флагману вышэйшай школы. І зноў засяродзіў маю ўвагу на тым, каб якасьць падрыхтоўкі ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце была ня проста добрая, а на ўзроўні эўрапейскіх і сусьветных стандартаў. І таксама ён мне падкрэсьліў неабходнасьць зьвярнуць увагу на разьвіцьцё нацыянальнай культуры, чым я таксама буду займацца”.

(Карэспандэнт: ) “Скажыце, ці не ўздымаў ён пытаньняў ідэалёгіі? Якая, па-вашаму, пэрспэктыва гэтых новых ідэалягічных праграмаў ва ўнівэрсытэце?”

(Стражаў: ) “Галоўнае пытаньне ідэалёгіі для нашых студэнтаў, — калі яны будуць бачыць, што ўсе неабходныя ўмовы для іх жыцьця, для іх вучобы, для ўзьняцьця якасьці адукацыі зробленыя, гэта будзе найлепшая агітацыя за нашую краіну і за прэзыдэнта”.

(Карэспандэнт: ) “І ў працяг гэтага — Станіслаў Шушкевіч, ацэньваючы гэтыя зьмены кіраўніцтва БДУ, сказаў, што, магчыма, не дараваў спадар Лукашэнка Аляксандру Казуліну вынікаў галасаваньня студэнтаў у 2001 годзе. Многія сапраўды лічаць, што ў БДУ нездавальняюча тады галасавалі — у разуменьні ўлады. Як вы мяркуеце, ці ня будуць цяпер нейкія абмежаваньні ў свабодзе, увогуле ў вальнадумстве ва ўнівэрсытэце?”

(Стражаў: ) “Па-першае, я ня згодзен з тымі думкамі, якія вы цяпер выказалі, таму што гэта даволі сьмешна, сёньня ўжо канец 2003 году. Ну паверце, зьвязваць сёньняшнюю сытуацыю з 2001 годам, гэта ўжо проста жарт, гэта можна так дрэнна жартаваць, на мой погляд. Больш нічога, і тут ня трэба ніякіх камэнтароў даваць”.

(Карэспандэнт: ) “Але ці застанецца ўнівэрсытэт асяродзьдзем для вальнадумных студэнтаў?”

(Стражаў: ) “Унівэрсытэт у кожнай краіне, у тым ліку і нашай краіне, быў і будзе заставацца асяродкам дэмакратычных традыцыяў, гэта ж зразумела, і мне падаецца, што аб гэтым сьмешна спрачацца”.

(Карэспандэнт: ) “Васіль Іванавіч, вы супрацоўнічалі з амэрыканскімі й нямецкімі навукоўцамі, пішаце супольную працу. Што, на ваш погляд, можна перанесьці з амэрыканскага досьведу вышэйшай школы на Беларусь?”

(Стражаў: ) “Гэта такое агульнае пытаньне… Вось тое, што мы цяпер называем “балёньскі працэс” — гэта можна было б назваць і “амэрыканскім працэсам”. Але калі мы гаворым пра канвэер, мы ж не нагадваем, што гэта фордаўскі канвэер. Так? Ці калі мы гаворым пра расейскую дарэвалюцыйную школу ці савецкую школу сярэдзіны 1930-х гадоў, мы ніколі не нагадваем, што паводле арганізацыі вучэбнага працэсу гэта пруская школа. Таму што сусьветныя дасягненьні ня толькі ў тэхніцы і навуцы, але і сусьветныя дасягненьні ў галіне адукацыі, яны агульныя для нацыяў, яны ўжо ня маюць нацыянальнасьці. Таму тыя дасягненьні амэрыканскай вышэйшай школы, якія сапраўды існуюць, яны дастаткова даўно сталі сусьветнымі. У тым ліку яны выкарыстоўваліся ў Савецкім Саюзе, толькі аб гэтым не гаварылі”.

(Карэспандэнт: ) “Хацеў бы прыгадаць, што нават у часы камунізму ў Польшчы паліцэйскі без дазволу ўладаў унівэрстэту ня мог ступіць у двор унівэрсытэту — напрыклад, Варшаўскага. А вось цяперашнія зьмяненьні кіраўніцтва БДУ адбыліся так, што ўвогуле ніхто не пацікавіўся думкай калектыву, Навуковай рады БДУ”.

(Стражаў: ) “Кожная краіна мае свае традыцыі, і магчыма, тое, што вы сказалі, сапраўды мае месца. А наконт іншых краінаў я магу прывесьці іншыя прыклады, у тым ліку ў Эўропе. У нас яшчэ маладая краіна, ёй яшчэ 12–13 гадоў, і гэтыя традыцыі мы яшчэ ўмацоўваем і разьвіваем. І я спадзяюся на тое, што ў нас будуць свае добрыя традыцыі, але да гэтага трэба ісьці паступова, крок за крокам”.

(Карэспандэнт: ) “І апошняе пытаньне: вы ведаеце, што ТБМ і грамадзкасьць Беларусі патрабуюць стварэньня нацыянальнага ўнівэрсытэту. Пэўны час БДУ мог прэтэндаваць на гэтую ролю, але ідзе і ў вас русіфікацыя. Як вы мяркуеце, ці можна будзе БДУ лічыць нацыянальным унівэрсытэтам?”

(Стражаў: ) “Я яшчэ раз хацеў сказаць аб гэтым у той прамове, якая тут гучала з маіх вуснаў, гэта не праграма яшчэ. А вось вам магу дадаць у сувязі з вашым пытаньнем, што для мяне асабіста ёсьць пытаньне, каб пашырыць ужываньне беларускай мовы ва ўнівэрсытэце. Мы будзем таксама гэта рабіць паступова, але не рэвалюцыйна. Усе патрабуюць, каб адразу, ну ўжо паспрабавалі — і што з гэтага? Паступова будзем пашыраць беларускую мову ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце, ужываньне беларускай мовы, у тым ліку і ў вучэбным працэсе”.

Валер Каліноўскі, www.svaboda.org

@ptymist 00:00, 19/11/2003 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.3182 seconds.