Асаблівы ген Люцэрны адкрыты навукоўцамі "сахараўскага" ўнівэрсытэта
Асаблівы ген люцэрны, якая расьце ва ўмовах узьдзеяньня павышанага радыяцыйнага фону, адкрыты дасьледчыкамі Міжнароднага дзяржаўнага экалягічнага ўнівэрсытэта імя А.Д.Сахарава. Знойдзены ген павышае колькасьць поліцукрыдаў у культуры, што адкрывае шырокія магчымасці для глябальнага ўдасканаленьня біятэхналёгій у харчовай і парфумэрнай галінах прамысловасьці.
Акрамя таго, вырошчваньне люцэрны з новым генам на забруджаных радыёнуклідамі тэрыторыях садзейнічае ачыстцы глебы ад цяжкіх мэталаў і яе аднаўленьню.
Як паведамляе БЕЛТА, адкрыцьцё ўдалося зрабіць дзякуючы супрацоўніцтву з Пікардыйскім унівэрсытэтам імя Жуля Верна.
Французская ВНУ прадаставіла сваё абсталяваньне для экспэрымэнтаў. А правяла іх аспірантка МДЭУ імя А.Д. Сахарава Алена Лопарава.
Таксама беларускім бокам прапанаваны новы праект па вывучэньню праблемы экалягічнай культуры пражываньня на забруджаных радыёнуклідамі тэрыторыях. У ім прымуць удзел маладыя вучоныя Сахараўскага ўнівэрсытэта і Навукова-дасьледчага сельскагаспадарчага цэнтра ў Нансі. Фінансаваць праект будзе НАТА. У пэрспэктыве супрацоўніцтва - стварэньне міжнароднай студэнцкай навукова-даследчай лабараторыі маніторынгу навакольнага асяродзьдзя.