Як беларусы святкуюць дзень Міколы, які стагоддзе таму быў больш папулярны, чым Ісус Хрыстос

Generation.by працягвае серыю этнавандровак па краіне. Гэтым разам у фокусе дарогі – дзень Міколы веснавога, які весела адзначылі 22 траўня ў вёсцы Прудок, што знаходзіцца пад Мазыром на поўдні Беларусі. Нямногія прудкоўцы ведаюць пра амерыканскую традыцыю гатаваць вялізную індычку на нацыянальнае свята, але ж добра памятаюць сваю: на свята Міколы трэба есці боршч з чорнага пеўня.

«Юрка з Міколкай»

Свята Міколы вельмі блізкае каляндарна да іншага важнага свята – Юр'я. У мікольскіх песнях нават сустракаецца згадка пра тое, як «Ішлі Юрый з Міколаю». Выканаўцы тлумачаць гэта менавіта блізкасцю свят: увесну Юрый 6 траўня, а Мікола – 22-га (толькі пару тыдняў прамежку). Узімку дзень святога Юрыя адзначаецца 9 снежня, а Міколы – 19-га (па праваслаўным календары). Розніца яшчэ меншая, чым увесну: усяго 10 дзён. Католікі Міколу веснавога не адзначаюць.

Перыяд «Паміж Юр’ем і Міколай» часам асобна выдзяляецца ў народным календары. Напрыклад, у Акцябрскім раёне Гомельскай вобласці ў гэты час не садзяць на яйкі курэй.

Часта сустракаюцца адмысловыя абразы з адкіднымі створкамі: Мікола і Юрый, бывае, яшчэ Матка Боская. Пра такія абразы бабулі часам кажуць па-свойску: «Юрка з Міколкай».

У валачобных песнях (якія пяюцца падчас абыходу двароў на Вялікдзень), бывае, Бог лічыць усе гадавыя святы, і не стае акурат Міколы. Тады Бог спрабуе выслаць іншых святых яго шукаць, аднак ніхто не хоча, апраўдваючыся:

— Я каня не маю, Міколы не знаю.

Шукаць Міколу высылаюць у выніку, канечне, Юр’я. Бывае і наадварот – Юр’я знікае, Мікола шукае. Зніклы апраўдваецца:

— А па полю хадзіў да расу расіў,
Я па межах хадзіў, жыта радзіў,
А па бару хадзіў да раі садзіў.

Мікола, калі верыць песням, адзін з «адказных» за ўраджай зерня, за пчалярства і яшчэ за каняводства:

Канюшок бога просіць:
— Пасі ж, божа, маіх коні,
Маіх коні ў чыстым полі,
У чыстым полі, у юр’евых росах,
У юр’евых росах, у мікольскіх травах.

Шчаўлёвы боршч з чорным пеўнем па-прудкоўску

На пару глядзяць жывёлу Юрый з Міколаю і ў вёсцы Прудок Мазырскага раёна. Тут 22 мая першы раз выганялі на начлег коней, казалі:

«Юр’е пасе кароў, А Мікола – коней».

Частавалі пастухоў, тыя смажылі ў полі яечню. Яечня як рытуальная страва сустракаецца і падчас іншых каляндарных свят: на Юр’я, Троіцу, Купалле…

Вадзілі «мікольскія танкі» вакол жытнёвага поля. Азімае жыта да гэтага дня павінна было вырасці настолькі, каб у ім «схавалася варона». Па павер’ях па жыце ходзіць сам Мікола і спрыяе добраму ўраджаю. У Прудку полю «ахвяруюць» птушачку з каравая, у які запякаюць яйка курыцы, абавязкова чорнай.

Разам з Міколам сёлета ў Прудку адзначалі дзень вёскі. Гулялі маштабна, з нагоды 500 год першай згадкі вёскі ў летапісе мясцовы райвыканкам нават забараніў у гэты дзень прадаваць прудкоўцам алкаголь. Жыхары замест звычайнага «Добры дзень!» віталі адно аднаго віншаваннем «Са святам!». Падцвільвалі: «Ну, што, паеў ужо баршчу з кашай?»

Шчаўлёвы боршч з пеўнем (абавязкова чорным) лічыцца ў Прудку мікольскай абрадавай стравай.

Самыя старэнькія бабулі Прудка, якім цяпер пад 90 год, памятаюць на Міколу толькі гасцяванні і вечарынкі. Уся прыгожая абрадавая частка была адноўленая ў 1990-х энтузіязмам адмыслоўцаў. Тады яшчэ былі жывыя старэйшыя бабулі, але не было цяперашніх тэхнічных магчымасцей. На жаль, не засталося ні аўдыё, ні відэазапісаў песень і расповедаў відавочцаў. Тое, што мы бачым сёння, – інтэрпрэтацыя колішняга абраду, якую спецыялісты празвалі тэрмінам «другасныя формы фальклору».

«Хіба ты не ведаеш? Сёння ж Мікола!» – па вяртанні з Прудкоў праязджаем Мазыр, дзе чуем, як яшчэ даволі маладая прадавачка прадуктовай крамы здзіўляецца па тэлефоне неабазнанасці сяброўкі ў беларускіх святах.

Свята Міколы завяршае пэўны перыяд у прыродзе. Кажуць:

Да Міколы зімовага няма зімы ніколі і да Міколы веснавога няма вясны
Прыйдзе Мікола – выпусціць сем мяхоў мошак з прыполу
Да Міколы не сей грэчку і не стрыжы авечку

Мікола, свяча і «кавёр»

Да веснавога Міколы імкнуліся ўсё пасеяць, ці, у іншых мясцінах, наадварот, сеяць менавіта ў гэты дзень (яравое жыта, познія гуркі). Пасля свята абмяжоўвалі месцы для выпасу кароў: лічыцца, што з гэтага дня пачынае інтэнсіўна расці трава, яе нельга таптаць, а трэба падгадоўваць да сенакосу. Што істотна для дзяцей і падлеткаў, з Міколы пачыналі купацца ў адкрытых вадаёмах.

Святога Міколу шанавалі па ўсёй Беларусі. Да 1917 г. па колькасці прысвечаных яму цэркваў на нашай зямлі Мікола саступаў толькі Маці Божай і нават пераганяў Ісуса Хрыста. У вёсках, дзе стаялі асвечаныя ў яго гонар храмы, часта ладзіліся на Міколу прастольныя святы, кірмашы. У такія дні з’язджаліся з навакольных вёсак у госці радня і сваякі.

Мікола лічыўся «ахоўнікам ад усяго». Казалі:

Ніхто так не ратуе на вадзе, у дарозе ці на вайне, як святы Мікола.

На Магілёўшчыне да дня святога Міколы часта прымеркаваны перанос свячы. «Свяча» – гэта такі комплекс рытуальных прадметаў, што складаецца са свечкі ды абраза і ўрачыста пераносіцца ў новую хату штогод. Звычайна перанос – гэта свята для ўсёй вёскі, суправаджаецца агульным застоллем. Бывае, адмыслова прыязджаюць у гэты дзень былыя вяскоўцы, што стала жывуць ужо ў горадзе.

З мікольскай свячой звязваюць цуды. Напрыклад, у вёсцы Чамярня ў Веткаўскім раёне Гомельскай вобласці распавядаюць такую гісторыю:

«Жэншчына адна была… Бедныя-бедныя, яны рашылі справіць Свячу Ніколу – а не за шта. Яна гаворя на хазяіна: «Нясі наш кавёр паследні прадай, а мы трапезу справім». Во, як Госпаду хацелі! Во, як накрышчаліся духам прэдкі нашы! Ён панёс. Прадае. Чалавек падышоў: «Сколькі табе?» Ён: «Так і так». Купіў. Ён узяў і панёс еты кавёр. Еты хазяін накупіў за етыя грошы ўсяго-ўсяго – будуць жэ Ніколу спраўляць. Прыходзя дамоў. А жонка гаворя, што нейкі чалавек прынёс кавёр. І жонка: «Ой, такі! Не прадаў каўра». А яна ж ня знала, што ета Нікола прынёс кавёр».

Фота: Алена Ляшкевіч



Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0488 seconds.