Паганскія і хрысціянскія традыцыі ў двух святах Юр’я за адзін сезон

Юр'я

Некаторым беларускім святам і абрадам пашанцавала мець статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці, што ахоўваецца дзяржавай. Звесткі аб іх можна адшукаць у інвентары нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Беларуская дзяржава ахоўвае 2 абрады, прысвечаныя Святому Юр’ю: у вёсцы Ахонава Дзятлаўскага раёна Гарадзенскай вобласці і ў Пагосце Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці.

«У годзе два Юр’і, абодва дурні: адзін галодны, другі халодны»

Кажуць, «у годзе два Юр’і, абодва дурні: адзін галодны, другі халодны», маючы на ўвазе святы «зімовага» і «веснавога» Юр’я (23 лістапада і 6 траўня ў праваслаўных). Але зараз не пра тое. Абодва абрады праводзяцца 6 траўня. Інтрыга ў тым, што асноўнае абрадавае дзеянне – абыход вёскі – у Ахонаве праходзіць пад вечар 5-га траўня, а ў Пагосце – ранкам 6-га. Таму спрактыкаваны этнавандроўнік можа паспець адсвяткаваць двойчы. Нават не маючы ўласнага аўто. Чароўны начны цягнік Горадня – Гомель!

Вёска Ахонава знаходзіцца побач з санаторыем «Радон», да якога з розных гарадоў Беларусі ходзіць маршрутка, а прайсці ад яго да Ахонава – усяго некалькі кіламетраў. Можна дабірацца праз станцыю Клішавічы на чыгунцы Баранавічы–Ліда, тады ісці яшчэ менш. Зручней за ўсё ехаць, канешне, на аўто.

Юр'я

Ахонава

На Юр’я спявачак чакаюць у ахонаўскіх хатах, дзе за год згулялі вяселле. Нават калі маладыя там не жывуць, гурт прымаюць іхнія бацькі.

Юр’еўскі абыход вёскі ў Ахонаве адбываецца ўвечары напярэдадні ўласна свята Юр’я. Гэта не рэдкасць у беларускай традыцыі: калядны абыход праходзіць 6 студзеня, у той час як Раство – 7-га, навагодні – 13 студзеня (Стары новы год – 14-га). На некаторыя святы, бывае, абыход змяшчаецца на другі дзень (Вялікдзень, Троіца). Таму, збіраючыся ехаць на святкаванне, што змяшчае абыход вёскі, лепш удакладняць час.

Юр'я

Усё пачынаецца песняй «А мы Юр’я сустракаем» каля царквы. Потым гурт ідзе па загадзя вядомых адрасах. З мінулага Юр’я ў вёсцы прайшло 5 вяселляў, летась – усяго адно. Калі за год не згулялі ніводнага вяселля, то гурт проста праходзіць вёску з канца ў канец, ад царквы да крыжа.

Ля хаты пяюць:

Маладая малодачка,
Выйдзі-выйдзі на вулачку,
Вынясь-вынясь падарачак,
Падарачак ― паясочак.
Коку-яек на паўміску,
Каўбасою акружыці,
Белым сырам залажыці.

Маладая жонка кідае спявачкам стужку. Раней кідалі тканы пояс. Хоць паясы цяпер і не ткуць, традыцыя захавалася, людзі чакаюць спявачак, рыхтуюць пачастункі. Першая пара для таго, каб кінуць гурту «падарачак», адмыслова прыехала з Наваельні да бацькоў у Ахонава.

Юр'я

Юр'я

Стужку разразаюць і раздаюць па кавалку ўсім прысутным. Раней паясы рвалі рукамі, без дапамогі нажніц. Рабілі гэта звычайна мужчыны. Стужачкі захоўваюць да наступнага Юр’я, яны лічацца абярэгам.

Юр'я

Асабліва шмат пачуццяў раздорванне пояса выклікае ў саміх маладых жанчын. Бацькі, якія кідаюць пояс за дзяцей, што нядаўна стварылі сям’ю, таксама хвалююцца.

Юр'я

Для гурта спявачак рыхтуюць пачастункі, якія бабулі запрашаюць спажыць разам усіх, хто іх віншаваў, у мясцовы клуб. У Ахонаве шмат прыгожых юр’еўскіх песень, якія гучаць, калі гурт ідзе па вуліцы.

Увечары 6 траўня ля крыжа бабулі спяваюць «Праважаем Юр’я за сяло», такім чынам завяршаючы свята.

Пагост

У Пагосце на Юр’я пякуць каравай, які завуць «карагод».

Юр'я

Юр'я

Каравай упрыгожваюць пад адмысловую песню:

Карагод, карагод, мы цябе наражаем,
Ой, венцы, венцы, зелёны бервенцы
Цябе наражаем, Бога праслаўляем,
Бога праслаўляем, Юр'я велічаем…

Юр'я

З караваем-“карагодам” ідуць на поле. Яшчэ адзін атрыбут свята – фартух, завязаны на граблях. Раней насілі на крыжы, у савецкі час, калі рэлігійныя абрады масава забараняліся, вырашылі такім чынам замаскіравацца і выратаваць традыцыю ад перарывання. Зараз у Пагосце адваротная праблема – праваслаўны святар не дужа адабрае «паганскі» абрад. Тым не менш, асвячае поле, куды кіруецца карагод. Яшчэ нясуць абраз і зорку. Для юр’еўскага абыходу вёскі асобнай зоркі не робяць, выкарыстоўваюць калядную.

Дахрысціянскія і хрысціянскія традыцыі ў Беларусі моцна перапляліся, і сёння раздзяліць іх складана. Народныя святы варта разглядаць хутчэй як з’яву культуры, чым рэлігійнага жыцця. Рэлігійны складнік забяспечваецца акурат удзелам хрысціянскіх святароў. Там, дзе яго няма, старадаўнія звычаі ўспрымаюцца хутчэй як забаўка.

На полі водзяць карагод:

…Ой, і дзе корогод ходзіць,
Там Бог жыто родзіць,
А й дзе не бывае,
Там жыто ўлегае.
Зародзі, Божэ, жыто,
Да на новые лето,
А на жыто, на пшэніцу,
На усяку пашніцу…

Юр'я

Зялёны фартух на граблях мяняюць на чырвоны. Тлумачэнняў сімволікі гэтых колераў існуе мноства: на зялёнае поле з зялёным фартухом, назад з чырвоным – на багацце, на красных дзевак…

Юр'я

Юр'я

Абыходзяць вёску, перад кожнай хатай водзяць карагод пад тую ж песню, што і на полі. Гаспадары за гэта даюць спявачкам пачастункі. Да гурта «Міжрэчча» вёскі Пагост далучаюцца ў карагодзе шматлікія госці.

Юр'я

Юр'я

Абыход вёскі завяршаецца гульнёвымі карагодамі ў цэнтры, перад клубам. Спачатку – «Дрэма»: дзяўчына «дрэмле» на стуле ў сярэдзіне карагода, гурт спявае ёй, што час прачынацца, да яе едуць родныя, але Дрэма не рэагуе. «Прачынаецца» толькі калі «мілы едзе, гасцінца вязе».

Юр'я

Потым – карагод «Бабуся». Жанчына ў цэнтры грае ролю бабкі-павітухі, якая ў час, калі яшчэ было складана дабрацца з вёскі ў раддом, прымала ў жанчын роды. Справа нялёгкая, таму «бабусю» спрабуюць пераманіць адна ў адной 2 каманды: тых, хто ў карагодзе і пара, што ходзіць па-за колам. Бабусю «спакушаюць» абяцаннем пачастунку (гарэлкай, баршчом, кашай, кісялём, пампушкамі), тая спрабуе выбегчы, але карагод яе не пускае.

Абрад сканчваецца раздачай усім прысутным каравая. Прысутныя, як бачым, дужа ўдзячныя.

Юр'я

У Пагост варта завітаць і на іншыя святы традыцыйнага календара: Раство (абыход вёскі 6 студзеня), Шчодры вечар (абыход вёскі 13 студзеня), Саракі (22 сакавіка), Жаніцьбу коміна (11 верасня).

Вёска знакамітая таксама тым, што ў мясцовай царкве захоўваецца каменны крыж, адзін з тых, што, па легендзе, прыплылі ўверх па цячэнні Прыпяці з Кіева ў XII стагоддзі.

З Юр'я пад альшанскія агуркі

З Пагоста выбіраемся аўтаспынам і разумеем, што паездка праходзіць пад знакам Альшанаў. Амаль да Мінска нас давозіць альшанец, што вязе гуркі на продаж у Барысаў. Ад гаваркога мужчыны даведваемся аб альшанскім побыце. Хлапцы ўжо ў 17-18 год «ставяць парніка», каб не браць грошы ў бацькоў. Насуперак стэрэатыпам, вырошчваюць не толькі агуркі: яшчэ перац, памідоры, капусту. Парнікі пачынаюць тапіць з лютага, дровамі, на сезон хапае 2-3 прычэпы. У жніўні парнік «засыхае», і тады альшанцы выпраўляюцца на заробкі.

Амаль ніхто з альшанцаў не з’язджае з малой радзімы на сталае жыхарства. Навошта? Бадай ніякая прафесія, набытая ў сярэдняй ці вышэйшай навучальнай установе, не дасць такога прыбытку, як парнік. Дзяўчаты парнікоў не трымаюць. «Да гэтага ў нас яшчэ не дайшло», – смяецца кіроўца. Затое ў 17-18 гадоў выходзяць замуж і дапамагаюць мужу. Хлапцы жэняцца, як толькі заробяць «з парніка» на асобны дом, у 20-22 гады (раней на вяселле жытло маладым дарылі бацькі жонкі, а хлапцы працавалі на бацькоўскіх плантацыях да жаніцьбы). Дзяцей прывучаюць да парніковай працы з дашкольнага ўзросту. У сярэдніх сем’ях па 6-7 дзяцей, але бывае і па 15-17.

Тлумачыцца гэта не «вытворчай неабходнасцю», а ўплывам пратэстанцкай царквы: большая частка 10-тысячнага насельніцтва Альшанаў – хрысціяне-пяцідзесятнікі, хаця ў вёсцы дзейнічае і дзве праваслаўныя царквы.

Акрамя Ахонава і Пагоста Юр’я святкуюць у Любанскім, Капыльскім, Салігорскім, Дзяржынскім, Лельчыцкім, Мазырскім раёнах… Па звестках даследчыкаў, даўней юр’еўскія абрады здзяйснялі ў тым ці іншым выглядзе на ўсёй беларускай этнічнай тэрыторыі.

Фота Алены Ляшкевіч



Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0477 seconds.