Штогадовы марафон «RSport Налібокі’15» 23-24 траўня запрашае на старт

Самае буйное і вядомае аматарскае спабортніцтва ў Беларусі марафон «RSport Налібокі’15» стартуе ўжо 23 траўня. Гэта будзе сёмае спартовае мерапрыемства на прыродзе, у якім прымуць удзел каля 1500 чалавек. Марафон «Налібокі» ладзіцца для веласіпедыстаў, аматараў бегу, воднікаў і мультыспартоўцаў, чыя дыстанцыя складаецца з бегавога, воднага, вела і вяровачнага этапаў.

Дырэктар марафона, Міхаіл Сідарук распавёў Generation.by пра навінкі мерапрыемства:

«Удзельнікі пачалі прагнуць новых трас, наваколля, таму гэтым разам мы вырашылі змяніць месца правядзення марафона, гэта абсалютна новы раён – раён Вілейскага вадасховішча. Раней спабортніцтва адбывалася ў Налібоках, што і дало назоў марафону, які мы захавалі. Яшчэ гэтым годам у нас з’явіліся прагулачныя дыстанцыі – гэта паўнавартасныя дыстанцыі марафона, разлічаныя для пачаткоўцаў: для тых, хто жадае больш нацешыцца прыродай, чым спаборнічаць. Можна прабегчы 20 кіламетраў ці праехаць на ровары 45, а затым вярнуцца ў лагер і чакаць вяртання сваіх таварышаў з даўжэйшых маршрутаў.

І, самае галоўнае – марафон не страшны звер, яго не трэба баяцца. Гэта цудоўнае баўленне часу ў лепшай кампаніі».

 


Фота: Юля Сакалоўская

Кожны год самымі папулярнымі з'яўляюцца роварныя дыстанцыі. Веламарафон «RSport Налібокі’15» падзяляецца на вялікі і малы марафоны. Удзельнікам вялікага веламарафона трэба пераадолець 210 кіламетраў за 24 гадзіны. Таксама прадугледжаныя скарочаныя варыянты вялікай веладыстанцыі — 165 і 95 кіламетраў. Даўжыня маршруту малога веламарафона складае 95 кіламетраў і выдатна падыдзе для тых, хто толькі пачынае ўдзел у марафоне.

Бегавы марафон «RSport Налібокі’15» традыцыйна збярэ як дасведчаных спартоўцаў, так і маладых аматараў бегу. І тыя, і іншыя змогуць абраць дыстанцыю па сваіх сілах. Сутачны забег у рамках вялікага бегавога марафона будзе праходзіць па маршруце, роўнаму 95 кіламетраў. А 45 кіламетраў малой бегавой дыстанцыі можна прайсці ці прабегчы ў кампаніі сваіх сяброў як дзеля перамогі, так і дзеля задавальнення.

Для самых устойлівых марафонцаў прыгатаваныя экстрэмальныя выпрабаванні ў межах мульцімарафона «RSport Налібокі’15». Удзельнікаў чакае 95 кіламетраў веладыстанцыі, 45 кіламетраў бегу, сплаў па рацэ даўжынёй 6 км і вяроўчаты этап.

Водны марафон сёлета будзе праходзіць у трох класах: для экіпажаў з 2 чалавек з каркаснай байдаркай, для экіпажаў з 2 чалавек з надзіманай байдаркай і экіпажаў, якія складаюцца з аднаго чалавека. Водны марафон праводзіцца ў два этапы. Спачатку ўдзельнікі праходзяць першы этап марафона працягласцю 50 кіламетраў па рацэ Ілія, а затым ідзе другі этап па Вілейскім вадасховішчы (45 км). Усю дыстанцыю воднага марафона можна паспрабаваць прайсці за адзін дзень, або з разбіўкай на два дні.

Асаблівасць марафона «RSport Налібокі’15» складаецца ў тым, што прыняць удзел у ім змогуць людзі самых розных узростаў і самай рознай фізічнай падрыхтоўкі. Так, у «Сямейным» класе можна выступіць бацькам з іх маленькімі дзецьмі. Традыцыйна каштоўнымі прызамі будуць узнагароджаныя самыя юныя і самыя старэйшыя марафонцы.

Завершацца спаборніцтвы ў 12.00 24 траўня, пасля чаго адбудзецца ўзнагароджанне пераможцаў. Таксама частка прызавога фонду марафона будзе разыграна па прынцыпе латарэі сярод усіх удзельнікаў незалежна ад іх выніку. Таму шанец атрымаць каштоўны прыз будзе ў кожнага.

Трэкі марафона ўжо даступныя ў сеціве, таму можна смела ехаць на выведку і трэніроўкі.

Рэгістрацыя на марафон ажыццяўляецца на сайце promwadtour.com. Таксама сачыце за навінамі на форуме poehali.net.

«Налібокі» запрашаюць старых і новых сяброў нацешыцца разнастайнымі дыстанцыямі. Займальныя прыгоды на новых маршрутах з традыцыйна клапатлівымі валанцёрамі, усмешлівымі супернікамі, пяшчанымі дарожкамі, гарачым вясновым сонцам.

Фота: Алекс Гарбацэвіч


Юля Сакалоўская 16:21, 12.05.2015 | Анонсы |




Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0491 seconds.