Як зладзіць і легалізаваць краўдфандынг па-беларуску: «Талакошт» vs «Ulej»

Краўдфандынг
Ілюстрацыя: Воля Кузьміч

Прадпрымальным беларусам даўно не даваў спакою папулярны ўжо колькі гадоў у свеце краўдфандынг. Метад калектыўнага фінансавання, дзякуючы якому сталі магчымымі мноства паспяховых стартапаў вельмі не проста было ўявіць у межах беларускага прававога кантэксту. Аднак праз 6 гадоў пасля заснавання глабальнай кампаніі Kickstarter, Inc яе мадэль была рэалізаваная і ў Беларусі. Па вясне 2015 стартанулі адразу два амбіцыйныя беларускія краўдфандынгавыя праекты.

Вядома, што ідэя фінансавання натоўпам нарадзілася задоўга да сацыяльных сетак. Адным з першых медыяпраектаў, які прыгадваюць як прыклад паспяховага краўдфандынгу, што з'явіўся задоўга да нараджэння на планеце пакалення Y, быў пастамент для статуі Свабоды. Тады Пулітцэр звярнуўся да амерыканцаў праз сваю газету – за ахвяраванні ад аднаго даляра, яны атрымлівалі мадэль статуі, памер якой залежаў ад сумы ахвяраванняў. У Беларусі з свабодай і медыямі апошнія некалькі стагоддзяў было не проста, але традыцыі ахвяраваняў і інвестыцый грамадой у буйныя праекты развіваліся і ў нас.  

Калі раней прэзентаваць праекты і ўдзельнічаць у іх фінансаванні беларусы маглі толькі на замежных сайтах, то цяпер тут амаль адначасова стартавалі дзве краўдфандынгавыя пляцоўкі. Адна з іх – «Талакошт» ад «Талакі», якая больш арыентаваная на сацыяльна значныя праекты, іншая – «Вулей», якая па духу больш блізкая да Kickstarter і падтрымлівае ў тым ліку бізнес-ідэі.

«Талакошт»: «Публічнасць і празрыстасць працэсу – гэта асноўная гарантыя сумленнасці ўдзельнікаў»

На базе платформы Talaka.by 31-га сакавіка пачаў працаваць краўндфандынгавы праект «Талакошт». «Талака» ужо некалькі гадоў дапамагае рэалізоўваць ідэі ў самых розных сферах: культура, экалогія, навука, IT, адукацыя, сацыяльнае прадпрымальніцтва. Любы чалавек, які вырашыў зрабіць нешта карыснае або цікавае, можа выкласці свой праект на сайце Талакошт, а там ужо неабыякавыя людзі прапануюць сваю дапамогу – працай або інтэлектам. На сайце відаць, якія этапы праект ужо прайшоў, над чым ідзе праца цяпер і якія людзі задзейнічаныя ў камандзе. Цяпер, дзякуючы «Талакошт», з’явілася магчымасць дапамагчы і грашыма.

«Мы з самага пачатку запуску платформы Talaka.by збіраліся запускаць краўдфандынг і толькі цяпер змаглі зрабіць гэта, прайшоўшы доўгі шлях юрыдычных даследаванняў, перамоў з патэнцыяльнымі партнёрамі і тэхнічнай рэалізацыі. З нашага пункту гледжання менавіта ў такі эканамічна няпросты час і патрэбныя дадатковыя інструменты падтрымкі грамадскім праектам. Дзякуючы механізму краўдфандынга праекты могуць атрымаць неабходныя ім рэсурсы, а значыць прапанаваць Беларусі сацыяльныя інавацыі, якія як раз і з'яўляюцца ключом пераадолення крызіснай сітуацыі», – распавядае Generation.by кіраўнік і заснавальнік Talaka.by Яўген Клішэвіч.


Яўген Клішэвіч. Фота: Юля Сакалоўская, Generation.by

Механізм збору грошай у «Талакошт» будзе працаваць іначай, чым у папулярных расійскіх, украінскіх і сусветных аналагаў. Галоўным адрозненнем будзе механізм абяцанняў: спачатку спонсар (чалавек, які хоча пералічыць сродкі на падтрымку праекта) рэгіструе сваё абяцанне пералічыць грошы, а затым, калі сума абяцанняў будзе дастатковая для фінансавання праекта, ужо робіцца аплата.

«Нам часта задаюць пытанне пра механізм "паабяцаў-заплаціў" – не баімся мы, што людзі не будуць выконваць абяцанні? Вядома, як рацыянальныя людзі мы дапускаем магчымасць, што будуць нядобрасумленныя ўдзельнікі. Аднак адсотак такіх людзей нязначны! Тым больш усе праекты маюць сацыяльную значнасць і рэалізуюцца ў супольнасці неабыякавых людзей – гэтыя фактары зніжаюць рызыку нядобрасумленнасці. Бо тут усё публічна і тое, хто кіраўнік праекта, і тое, хто спонсар/валанцёр. Публічнасць і празрыстасць працэсу – гэта асноўная гарантыя сумленнасці ўдзельнікаў», – перакананы Яўген.

У «Талакошт» ёсць два рэжымы вядзення краўдфандынг-кампаніі – аўтар праекту альбо можа забраць грошы ў выпадку збору 100%, альбо, ў альтэрнатыўным рэжыме, дастаткова дасягнуць «незгаральнай» адзнакі ў 25% ад сумы.

«У нас адсутнічае камісіі пляцоўкі. Мы не бяром ніякага адсотку з аўтараў, што дазваляе паменшыць суму бюджэту на 15-20% і ў канчатковым выніку скараціць намаганні на вядзенне краўдфандынг-кампаніі. Замест гэтага мы і самі збіраемся праводзіць краўдфандынг-кампаніі на свае праекты. На цяперашні момант пералік грошай ажыццяўляецца толькі з банкаўскіх картак, у далейшым мы плануем падключаць і іншыя магчымасці для аплаты, якія будуць зручнымі нашым карыстальнікам», – распавядае Яўген Клішэвіч.

Кожны аўтар праекту прыдумляе падарункі для спонсараў. Гэта будзе асабістая падзяка, памятны сувенір, білет на мерапрыемства ці бясплатная ўстаноўка праграмы, гульні, на якія збіраюцца сродкі. Аб'ём і від падзякі аўтар распрацоўвае самастойна.

«Не каманда платформы вырашае, што нам цікава, а што не. Гэта робяць людзі ўжо пасля размяшчэння на платформе, галасуючы сваім удзелам і грашыма. Да запуску «Талакошт» мы проста запрасілі ўсе праекты, што рэалізуюцца на платформе, і тыя, каго ведалі асабіста», – гаворыць Яўген.

Краўндфандынг-платформу «Вулей» стваральнікі «Талакошт» не лічаць сваім канкурэнтам:

«З улікам таго, што ў Беларусі краўдфандынг толькі-толькі пачынае развівацца, «Вулей» для нас хутчэй партнёр, разам з якім мы будзем яго (краўндфандынг) прасоўваць. Магчыма мы будзем некалькі адрознівацца сегментамі ў якіх працуем. Але казаць пра адрозненні да таго, як яны запусціліся і прадставілі сваю пляцоўку на суд грамадскасці рана. Але калі зірнуць на досвед суседніх краін, то ў маленькай Эстоніі з 1,5 млн. насельніцтва існуе да 5 краўдфандынг-платформаў рознай спецыялізацыі, і найбольш падобная на Talaka.by збірае каля 300.000 еўра ў год», – аптымістычна разважае Яўген Клішэвіч.

За першыятыдні працы «Талакошта» на ім выстаўленыя больш за дзясятак праектаў, на якія карыстальнікі ўжо паабяцалі аддаць каля 45 мільёнаў беларускіх рублёў.

Ulej.by: «Краўдфандынг ў Беларусі – гэта наш блакітны акіян, які мы і створым»

Дагэтуль стваральнікі «Вулей» праводзілі адбор праектаў, якія будуць прэзентаваныя на іх пляцоўцы. Збор сродкаў для першых праектаў стартуе аккрат сёння, 22 красавіка. Паводле інфармацыі стваральнікаў, да іх ужо паступіла 150 заявак, сярод якіх адабраныя 40 лепшых. Ім «Вулей» будзе дапамагаць з прасоўваннем – абяцае кансультацыі, інфармацыйную падтрымку, здымку роліка і фотасесію.

«Рашэнне пра запуск платформы прымалася не раптоўна – праект прагназавалі, аналізавалі і ацэньвалі на працягу доўгіх месяцаў. Увесь гэты час вялася падрыхтоўчая праца: вэб-распрацоўка, стварэнне банкаўскага працэсінгу і інструментара, аналіз існуючай юрыдычнай базы, аналізаваўся замежны вопыт і калякраўдфандынгавая актыўнасць у Беларусі», – тлумачыць Generation.by прадстаўніца праекту «Вулей» Аляксандра Макарэвіч.

Ідэя «Вулей» больш нагадвае Kickstarter. На ёй будуць размяшчацца не толькі сацыяльныя, але і камерцыйныя праекты. Праект, які будзе спрабаваць дапамагчы іншым стартапам, сам з'яўляецца бізнэсам – пляцоўка будзе атрымліваць адсотак ад сабраных грошай.

«Ulej.by узяў за сваю аснову класічную мадэль, прапанаваную самай буйной краўдфандынгавай платформай у свеце – Kickstarter. Мы многае ўзялі адтуль, але пры гэтым абавязкова прымалі да ведама разуменне мясцовага рынку, ацэньвалі агульныя тэндэнцыі і спрабавалі намацаць мясцовыя трэнды. Паколькі за аснову мы ўзялі мадэль працы Kickstarter, то кіраваліся іх прынцыпамі: усё ці нічога і абавязковыя «падарункі» спонсарам. Так як Ulej.by – гэта камерцыйны праект, то ў аснову яго працы быў закладзены прынцып своеасаблівага дадатковага кошту праекта – разам з працэнтамі за банкаўскае абслугоўванне, агульны працэнт, які будзе пакідаць сабе пляцоўка, будзе складаць 12%. Гэтыя лічбы – не з галавы, яны з'явіліся пасля аналізу работы замежных пляцовак-аналагаў», – гаворыць Аляксандра.

На «Вулей», як і на Kickstarter, пераведзеныя людзьмі грошы замарожваюцца на рахунку, і толькі калі неабходная сума набраная, аўтар праекта можа іх атрымаць. Калі патрэбная сума не набіраецца, праект лічыцца няўдалым і грошы вяртаюцца спонсарам.

«Краўдфандынг у Беларусі абавязкова стане запатрабаваным. Магчыма, ён будзе развівацца спантанна і шмат у чым хаатычна, але з кожным годам будзе паказваць толькі прырост. Паступова (і з нашай дапамогай) у краіне сфармуецца і культура краўдфандынгу. Гэта новы сектар, а значыць нам яго і «ляпіць». Краўдфандынг ў Беларусі – гэта наш блакітны акіян, які мы і створым», – апісвае перспектывы краўндфандынгу Аляксандра Макарэвіч.

Да стваральнікаў Ulej.by ужо паступіла 150 заявак, сярод якіх яны адабралі 40 лепшых. Ім «Вулей» будзе дапамагаць з прасоўваннем – абяцае кансультацыі, інфармацыйную падтрымку, здымку роліка і фотасесію.

Іншыя каля краўндфандыгавыя праекты

Ужо некалькі гадоў існуе дабрачынны аўкцыён сустрэч MaeSens, які паспяхова збірае грошы на дабрачыннасць метадам, які можна гэтак жа аднесці да краўдфандынгу.

Яшчэ на прасторах беларускага сеціва існуе сайт startuper.by, дзе напісана, што гэта першая краўндфандыгавая платформа, але на сайце амаль нічога няма. Напрыклад, раздзел «Праекты»:

«Арт Сядзіба» жадала сабраць 200 тысяч даляраў, каб набыць у цэнтральнай частцы Мінску ва ўласнасць памяшканне з нежылога фонду агульнаю плошчай да 100 м2 і стварыць у ім сапраўды незалежную культурна-грамадскую пляцоўку “Арт Сядзіба”, але актыўнасць ініцыятывы згасла на лічбе 7 905 даляраў.

Ёсць шэраг прыгожых асабістых гісторый, напрыклад, у 2010 годзе ў той час першакурснік гістфаку БДУ Андрэй Радкоў распачаў збор сродкаў, каб выкупіць старую рэгістрацыйную кнігу Ішкальдскага касцёла. Сабраць неабходную суму (3 млн. BYR) студэнту дапамаглі каля 30 чалавек з розных куткоў краіны. Пазней пры яго дапамозе былі сабраныя грошы, каб выкупіць арыгінал Статуту Вялікага княства Літоўскага 1588 года і кнігу славутага навукоўца Казіміра Семяновіча «Вялікае мастацтва артылерыі».

Апошняў гучнай паспяховай антыкрызіснай краўдфандынг-кампаніяй стаў збор сродкаў для штрафу «Кнігарні Логвінаў». Спецыяльна для збору сродкаў быў створаны сайт savelohvinau.club, пісьменнікі праводзілі творчыя сустрэчы, а мастакі і фатографы правялі аўкцыён, усе грошы з якога былі перададзены для выплаты штрафу. Такім чынам, за два месяцы была сабрана патрэбная сума (1 мільярд беларускіх рублёў).


Віктар Контар 13:06, 22.04.2015 | Артыкулы |




Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0428 seconds.