Рэктар БДУ лічыць неабходным павялічыць аплату для беларускіх студэнтаў, але знізіць для расіян

Рэктар БДУ Сяргей Абламейка лічыць неабходным павялічыць плату за навучанне для беларускіх студэнтаў і знізіць для расейцаў, якія навучаюцца на ўмовах замежных студэнтаў. Пра гэта рэктар паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Мінску 24 сакавіка. Паводле яго слоў, цяпер навучанне ў БДУ для беларускіх грамадзян каштуе ў сярэднім прыкладна 16 млн рублёў за год.

«Павышаць кошт навучання неабходна. Павялічыўся кошт камунальных паслуг, павялічыліся зарплаты. У апошнія гады гэта робіцца цэнтралізавана па ўсёй краіне. Мы не плануем павялічваць цану за навучанне больш, чым на 15-20%. Звычайна павышэнне коштаў адбываецца да ліпеня», – сказаў рэктар.

Ён адзначыў, што ў выпадку паступлення на платнае аддзяленне неабходна рэальна ацэньваць фінансавыя магчымасці бацькоў.

«Калі з маленькай вёскі паступаюць на факультэт міжнародных адносін, а потым прыходзяць да мяне і кажуць, што не могуць пацягнуць ... Трэба неяк ацэньваць свае сілы. Ёсць паважлівыя прычыны для зніжэння сумы аплаты, напрыклад, калі студэнт добра вучыцца. Калі няма, што мы можам зрабіць?» - сказаў рэктар.

Абламейка паведаміў, што ў БДУ навучаюцца 300 расійскіх грамадзян, палова з якіх – на роўных з беларускімі грамадзянамі умовах (паступілі па выніках ЦТ). Іншая палова вучыцца на ўмовах для замежных грамадзян, для якіх цана за год навучання складае 3.300 долараў ЗША. Абламейка лічыць, што цану для расійскіх грамадзян неабходна зніжаць, бо ў сувязі з падзеннем курсу расійскага рубля яна з'яўляецца для іх занадта высокай.

«Кошт становіцца неканкурэнтаздольным. Ужо былі выпадкі, калі расіяне забіралі дакументы, з'язджалі вучыцца ў расійскія ВНУ, дзе цана ніжэй», – растлумачыў Абламейка. Паводле яго слоў, у гэтым годзе расійскія грамадзяне атрымалі зніжку ў 10% ад цаны на навучанне ў БДУ, у наступным навучальным годзе яна можа скласці 15%.

БелаПАН

16:50, 24/03/2015 | Навіны |
comments powered by Disqus
 
In 0.0597 seconds.