Аб'ехаць 294 беларускія вёскі ў пошуках аўтэнтычнай беларускай культуры

Дзе ў Беларусі вышыванкі выйшлі з моды яшчэ ў 19-м стагоддзі, чаму нашы заходнія вёскі больш гарадскія, як лялькі-абярэгі ўжываюцца з хрысціянствам, але не ратуюць вёскі ад вымірання – Generation.by распавядаюць удзельнікі экспедыцыі Студэнцкага Этнаграфічнага Таварыста.

Трохтыднёвы квэст на вясковай прыродзе і сам-насам з незнаёмцамі і ўвасабленнем аўтэнтычнай культуры – дзядулямі ды бабулямі – яны запісваюць звесткі пра нашы спевы, танцы ды абрады, пра веру і знахарства. Гэтыя дзівакі-спартанцы – сябры Студэнцкага этнаграфічнага таварыства, якія штогод выбіраюцца ў вёскі з дыктафонамі. Летам 2014 году яны завіталі ў 294 вёскі Вялейскага, Чавускага і Мастоўскага са Шчучынскім раёнаў.

«Гарадскія» вёскі захаду

На захадзе Беларусі бачны мацнейшы ўплыў і гарадской культуры, чым на Палессі, на поўначы і ў раёнах, аддаленых ад буйных гарадоў – Гародні ці сталіцы Вільні.

«Заходняя Беларусь была больш асвоеная ў гаспадарчым плане і больш актыўнымі былі працэсы культурнага абмену. Гэтым можна тлумачыць стан каляндарнай абрадавасці і магчымасць трансфармацыі строяў…» – кажа Аляксей Глушко, старшыня СЭТ.

Аер вам у хату

Каляндар у Мастоўскім і Шчучынскім раёне вельмі завязаны на земляробчы абрад і гэта, на думку Аляксея, наступства позняга ўсталявання калгасаў: ледзь не да 50-х гадоў тут людзі працавалі на сваёй зямлі.

Вёскі Мастоўскага і Шчучынскага раёнаў

«У многіх вёсках расказваюць пра Спарыш – падвойны сноп, які стаяў на куце да канца жніва, абмалочваўся самым першым, – кажа Аляксей. – У некаторых вёсках зерне асвячалі ў царкве/касцёле на Успенне ці Багач, дадавалі да азімага жыта». Па сутнасці гэтыя два звязаныя снапы належаць да этымалогіі (паходжання) беларускага арнаменту.

У гэтых жа раёнах ёсць сезонны культ расліннасці, асабліва бачны на Сёмуху: на яе ўпрыгожваюць зелянінай двор, сцеляць у хаце аер. Яшчэ на святы свяцілі расліны: зёлкі, кветкі і ягады – на Яна, проста зёлкі – на Юр’я, лён – на Грамніцы. Некаторыя людзі не рабілі так, лічылі – Бог у лесе пасвеціць, толькі збірай у гэты дзень.

Дык ці паўсюль былі вышываныя кашулі?

Жаночы касцюм у Мастоўскім і Шчучынскім раёнах рэканструюецца добра, нават з верхняй вопраткай. Але тут у 19 стагоддзі не было традыцыйных кашуль з геаметрычным арнаментам. Вышыўка на кашулях выйшла з ужытку і змяніўся іх крой, магчыма, праз уплыў гарадской моды. Тут ад доўгіх кашуль перайшлі да блузак і кофт.

«Магчыма, мы дарма камплексуем, што не можам знайсці такіх кашуль, – разважацюь даследчыкі, – вышыўкі, якую звыкліся бачыць на Падняпроўі і Палессі, у гэтым раёне магло ў той час проста не існаваць».

Касцюм паўночнага захаду Беларусі мае шмат агульных рысаў з літоўскім і польскім касцюмамі памежжа – доўгія кашулі і доўгія паласатыя спадніцы, адзенне без рукавоў, хусткі-абхінанкі, якія былі ледзь не адзнакай прэстыжу. У канцы 19 –пачатку 20 стагоддзя быў пашыраны скураны абутак, верхняе адзенне з сукна, што паказвала на досыць высокі ўзровень дабрабыту.

«Жыў у суседняй вёсцы чарнакніжнік, такі харошы чалавек!»

Ёсць у Беларусі раёны, дзе цэрквы знаходзяцца настолькі рэдка, што людзі маглі дабрацца да іх два разы ў жыцці – на хрышчэнне і вянчанне. А недзе сетка храмаў густая і людзі інтэграваныя ў іх жыццё, як на захадзе.

Вёскі Вялейскага раёну

Дзіўна перапляталіся царкоўная/касцельная міфалогія і традыцыйны ўклад. Не пераследавалася тое, што не супярэчыла храмаваму: плады працы чалавека асвячаліся, роўна як і грамнічныя свечкі, соль, якія выкарыстоўваліся пасля ў магічных мэтах. Імі лекавалі хваробы, адганялі нячыстую сілу.

Магчыма, больш актыўнае супрацьдзеянне было знахарству і гэта фіксавалася ў размовах з людзьмі. Ёсць прыклад з Ашмянскага раёну – але настолькі распаўсюджаны, што больш падобны да шаблону: ксёндз строга забараняў шаптаць ад хвароб каровам і праклінаў знахарак, але калі ў самога карову ўкусіла змяя, ён звярнуўся і карову вылечылі.

Увогуле, раней лічылася, што ніхто не шаптаў у Вялейскім раёне – але летам СЭТаўцы знайшлі замовы.

«Я тры ведаю і суседка чатыры», – кажуць. Але яны сябе шаптухамі не лічаць, – расказвае Якуб Волат, каардынатар экспедыцыі па Вялейскім раёне. – Быў распаўсюджаны расповед пра тое, што ў суседняй вёсцы быў чарнакніжнік, ён шаптаў, меў зносіны з нячыстай сілай… але «Такі харошы чалавек быў! Я да яго трох дзяцей вазіла сваіх!»

«Гэта ўсё жывое ў памяці і жывое цяпер. Бо седзячы ў хаце адной бабулі, пакуль яна спявала доўгі раманс, я азіраўся па хаце і звяртаў увагу на тое, што паўсюль раскіданы палын, з Троіцы засталіся бяроза і палын, пазатыканыя пад бэлькі, па сценах, заўважыў ляльку, – расказвае Сяргей Лісіца, каардынатар Чавускай экспедыцыі. – Пытаю, што гэта ў вас за лялька: яна: «Гэта лялька-абярэг ад злых духаў». І пры ўваходзе ў хату – два часопісы «Народны доктар».

Вёскі Чавускага раёну

«Ведаў, што іду па вуліцы толькі таму, што трымаўся лініі электраперадач»

Зваротны бок адмірання традыцыі – яе носьбіты старыя. Побач з гэтым ёсць адзінокая старасць, і ад гэтага нікуды не ўцячэш, кажуць даследчыкі:

«Мы спецыяльна шукаем старэйшых інфарматараў. Яны цікавейшыя. Але ім ужо па 80-90, і ў асноўным яны ўжо пахавалі сваіх дзяцей, калі ім было па 65.

…Гэта балюча – бачыць закінутыя вёскі, але такія рэаліі: была вёска Альхоўка, дзе мы ішлі па грудзі ў зарасцях, і я ведаў, што іду па вуліцы толькі таму, што справа трымаўся лініі электраперадач. Там было толькі 2 жылыя хаты».

Фотаздымкі з архіву СЭТ.


Ганна Валынец 16:00, 06.03.2015 | Маршруты |




comments powered by Disqus
 
In 0.0438 seconds.