БДУ ладзіць Тыдзень беларускай мовы


Фота з суполак БДУ у Vk.com, аўтар невядомы.

Да Міжнароднага дня роднай мовы у Беларускім дзяржаўным універсітэце рыхтуюць цыкл імпрэзаў, які пройдзе з 20 па 27 лютага на філалагічным факультэце.

Падрабязнасці пра праграму Тыдня беларускай мовы ў БДУ Generation.by паведаміла прэс-служба ўніверсітэта. 

У першы дзень, 20 лютага, адбудзецца ўрачыстае адкрыццё з удзелам рэктара БДУ акадэміка Сяргея Абламейка, прафесара член-карэспандэнта НАН Беларусі Аляксандра Лукашэнца, кіраўніка кафедры тэорыі літаратуры філалагічнага факультэта Вячаслава Рагойшы. Студэнты філфака падрыхтавалі літаратурна-музычную праграму «Ад Бога мова ў кожнага народа...». Вершы вядомых беларускіх паэтаў, а таксама аўтарскія вершы студэнтаў будуць гучаць з 12.45 да 14.45 у аўдыторыі 304 па адрасе К. Маркса 31.

23 лютага у праграме Тыдня – экскурсія ў Рэспубліканскую навукова-тэхнічную бібліятэку, дзе адбудзецца выстава «Радасць слова».

На наступны дзень, 24 лютага, пройдзе тэлемост «Мінск-Віцебск». Выкладчыкі беларускага мовазнаўства Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта, супрацоўнікі філфака БДУ, а таксама вяомы беларускі літаратуравед Адам Мальдзіс абмяркуюць перспектывы развіцця і функцыянавання беларускай мовы. У аўдыторыі 313, дзе будзе адбывацца гэты дзень, пройдуць таксама прэзентацыі новых лінгвістычных выданняў. Пачатак у 14.15.

Пазнавальна-забаўляльная гульня «Філалогія і Я» пройдзе на філфаку 25 лютага. У ёй прымуць удзел першакурснікі. Пачатак у 12.45 у аўдыторыі 304.

Наступны дзень будзе прысвечаны «Дню беларускай філалогіі». Для студэнтаў будзе наладжаная сустрэча з кіраўніцай кафедры класічнай філалогіі філфака БДУ Галінай Шаўчэнка і прафесарам кафедры беларускай літаратуры Жаннай Некрашэвіч-Кароткай. Пачатак у 09.45 (аўдыторыя 62).

Завяршальнай імпрэзай тыдня беларускай мовы стане круглы стол «Пераклад у сістэме культурных сувязяў», які пройдзе 27 лютага ў 12.45 (аўдыторыя 304). У абмеркаванні прымуць удзел студэнты і выкладчыкі філфака, а таксама паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч.

Міжнародны дзень роднай мовы быў абвешчаны 30-й сэсіяй Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА у лістападзе 1999 года і адзначаецца 21 лютага з 2000 года з мэтай абароны моўнай і культурнай разнастайнасці.


Вера Уніч 11:25, 18.02.2015 | Навіны |




comments powered by Disqus
 
In 0.0454 seconds.