За пяць год у беларускім Сеціве стала значна меней студэнтаў і болей пенсіянераў

Колькасць пенсіянераў у байнэце імкліва набліжаецца да адсотка студэнтаў.

Адносная колькасць студэнтаў/школьнікаў у беларускім Сеціве за пяць год зменшылася да 10.7% з 22.34% у снежні 2009. Адсотак пенсіянераў наадварот вырас у разы з 1.28% да 5.56%. Таксама значна ўзрасла колькасць сямейных людзей.

Агулам беларуская інтэрнэт-аўдыторыя ва ўзросце 15-74 гадоў павялічылася са снежня 2009 г. па снежань 2014 г. на 65,5%, або з 3 мільёнаў да 5 мільёнаў чалавек у абсалютных значэннях, паводле дадзеных рэгулярнага медыядаследавання gemiusAudience. Статыстычныя звесткі пра пяцігодку беларускага інтэрнэта апісвае кіруючы партнёр Gemius у Беларусі Міхаіл Дарашэвіч для сайту Marketing.by.

Са снежня 2009 па снежань 2014 у байнэце зменшылася адносная колькасць людзей з вышэйшай і паслядыпломнай адукацыямі – з 38.58% да 32.19%. На думку кіраўніка беларускага Gemius, гэта сведчыць пра тое, што Сеціва зрабілася больш масавым медыяканалам.

За пяць год вельмі значна павялічылася колькасць сямейных людзей – з 37.83% да 47.23%, а таксама тых, хто жыве незарэгістраваным афіцыйна шлюбам – з 5.72% да 8.42%.

Моцна змяняецца і геаграфія байнэту, доля карыстальнікаў Сеціва з сталіцы зменшылася да 29.26% з амаль 34.48% пяць год таму.

Адной з асноўных тэндэнцый апошніх двух гадоў Міхаіл Дарашэвіч называе імклівае павелічэнне штодзённай аўдыторыі беларускага Сеціва, бо інтэрнэт для ўсё большай колькасці беларусаў робіцца штодзённай патрэбай.   

ЯЧ 12:38, 06/02/2015 | Навіны |
comments powered by Disqus
 
In 0.0596 seconds.