Песня «Хлопцы-балахоўцы» прысвечаная Слуцкаму збройнаму чыну і іншым славутым выступам беларусаў супраць камуністаў. Кліп, у часе здымак якога гурт быў затрыманы АМАПам, атрымалася завершыць і сёння ён быў прэзентаваны.
«Случчакі не выйгралі ў вайсковым значэнні, але выйгралі ў баі за годнасць, пакінуўшы гераічны прыклад для нашчадкаў. Мой кліп – гэта маленькая цаглінка ў падмурак памяці аб гэтых гераічных людзях і іх подзвігу», – тлумачыць аўтар відэа Антось Цялежнікаў у інтэрв'ю тэлеканулу Белсат, дзе адбылася прэзентацыя кліпу.
У 1920 годзе незалежнасць Беларусі спрабавалі абараніць удзельнікі Слуцкага збройнага чыну. Цягам месяца, у лістападзе і снежні, вайсковыя атрады, сфармаваныя пераважна з мясцовых сялянаў, аказвалі супраціў савецкім войскам. Мэтай случчакоў было прызнанне БНР іншымі дзяржавамі. За БНР змагалася таксама войска Станіслава Булак-Балаховіча. У лістападзе 1919 года вайсковы кіраўнік падаў афіцыйную дэкларацыю аб беларускім грамадзянстве і прыняцці яго на беларускую службу.
З 1980-х гадоў 27 лістапада, калі пачаліся баі паміж беларускімі і савецкімі войскамі, адзначаецца як Дзень Герояў.