Арганізатары абвясцілі склад журы прэміі Гедройца

Беларускі ПЭН-цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў, Пасольства Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь і Польскі Інстытут у Мінску абвяшчаюць новы сезон Літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца.

У журы Прэміі ўвайшлі:

  • Уладзімер Арлоў — паэт, празаік, гісторык;
  • Ігар Бабкоў — празаік і філосаф, лаўрэат прэміі Гедройца 2014;
  • Малгажата Бухалік — перакладчыца;
  • Адам Глобус — празаік, фіналіст прэміі Гедройца 2013;
  • Ганна Кісліцына — літаратуразнаўца, літаратурны крытык;
  • Андрэй Федарэнка — празаік, фіналіст прэміі Гедройца 2012;
  • Ціхан Чарнякевіч — літаратуразнаўца, літаратурны крытык;
  • Ганна Янкута — літаратурны крытык, перакладчыца.

Менавіта журы вызначае лёс узнагародаў Прэміі Гедройца:

  • чэка на суму, якую кожны год вызначае "Ідэя Банк", — для першага месца;
  • перакладу твора на польскую мову альбо творчай стыпендыі ў Доме творчасці пісьменнікаў (г. Вісбю, Готланд, Швецыя) — для другога месца;
  • творчай стыпендыі ў Вентспілсе (Латвія) — для трэцяга месца.

Кнігі для ўдзелу ў конкурсе можна даслаць да 31 студзеня 2015 года праз афіцыйны сайт прэміі: gedroyc.by, на паштовы адрас: 220050, Мінск, п/с 218, а таксама на электронны адрас:info@pen-centre.by. Заяўка мусіць утрымліваць наступныя звесткі:

  • а) інфармацыя пра намінатара, што вылучае твор на Прэмію: кантактныя нумары тэлефонаў і адрасы;
  • б) кароткая творчая біяграфія аўтара альбо ўсіх суаўтараў, калі твор напісаны ў суаўтарстве;
  • в) анатацыя кнігі;
  • г) урывак да 10 тысячаў знакаў, які будзе размешчаны на сайце Прэміі;
  • д) пажадана — адрасы крамаў, дзе можна набыць кнігу, ці спасылкі, па якіх яе можна спампаваць у электронным варыянце.

Да заяўкі неабходна далучыць 7 асобнікаў у папяровым і 1 асобнік у электронным варыянце. Заяўкі без электроннай версіі і 7 асобнікаў кнігі прымацца да ўдзелу ў конкурсе не будуць.

Сёлета акцэнт у звязаных з Прэміяй Гедройца мерапрыемствах будзе рабіцца на кароткім спісе. Арганізатары правядуць прэзентацыі кніг, што трапілі ў кароткі спіс, а на сайце Прэміі з’явяцца па дзве рэцэнзіі на кожную з гэтых кніг.

Літаратурная прэмія імя Ежы Гедройца ўручаецца з 2012 года. Папярэднія пераможцы прэміі: Павел Касцюкевіч з кнігай “Зборная РБ па негалоўных відах спорту” (2012),Уладзімір Някляеў з кнігай “Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без” (2013), Ігар Бабкоў з кнігай “Хвілінка: Тры гісторыі” (2014).

16:00, 22/10/2014 | Навіны |
comments powered by Disqus
 
In 0.0594 seconds.