Музыкі са зборніка песень пра адмену візаў: «У Еўропу не ездзілі ні я, ні ён»

стоп візы
Ілюстрацыя: Воля Кузьміч

Наколькі блізкія былі брэменскія музыкі, настолькі далёкі Брэмен ад нас, нават ад тых, хто хоць раз пад’язджаў да мяжы без візы. Музыканты, трэкі якіх увайшлі ў антывізавы музычны зборнік кампаніі «Без візы», расказваюць, чым іх зачапілі межы.

«Яны пазбаўляюць мяне мары»

«Праблема віз і межаў у тым, што яны пазбаўляюць мяне мары, – кажа Аляксей Зубр, вакаліст і кампазітар Bulba Fusion. – Яшчэ з дзяцінства я мроіў, як аднойчы мы з даўгім басістам скрадзем прынцэсу, возьмем з сабой сабаку, ката і пеўня і паедзем ірваць гарады і вёскі нашай вясёлай музыкай.

Прынцэсу скралі, звяроў знайшлі, я нават на радасцях упрогся везці гэты бязглузды балаган. Але візы і межы страшэнна ўсё ўскладняюць. Я за свабоду перасоўвання!»

«Задумваешся, ці пусцяць цябе»

Не вельмі вядомы алдовы гурт «РГ.Диверсия» добра так пакатаўся аўтаспынам, песня пра адну з такіх вандровак увайшла ў зборнік. Але віз ніколі ў іх не было. Гэта не перашкодзіла аб’ездзіць сваю краіну, суседнюю Украіну і Расею, у якой 8 тысяч кіламетраў без віз.

«Песню я пісаў на трасе, у кабіне фрэдлайнера, недзе між Чытой і Хабараўскам, – распавядае Алег Кісялеўскі. – І я, і Дзяніс (другі ўдзельнік гурта) большую частку свайго жыцця ездзілі па краіне аўтаспынам, па Украіне, Расіі. У Еўропу не ездзілі ні я, ні ён».

Калі б не было віз, мажліва, музыкі даехалі б і да акіяну – у вандроўцы, калі жывеш сваім «тут і цяпер» жаданне перасекчы мяжу ўзнікае спантанна. І хто хоча чакаць паў гады, калі мяжа ў некалькіх кіламетрах?

Візы па пяць, але маленькія

«Я застаў той час, калі віза ў Літву ці Польшчу каштавала 5 еўра, і нават для студэнта-першакурсніка не была перашкодай для вандроўкі. Я гэтым актыўна карыстаўся, – расказвае Яўген Сокалаў, вакаліст і гітарыст заваднога гурта ZnaROCK. – Хочацца пажадаць, каб праца кампаніі [“Без візы!”] мела плён і цяперашнія студэнты таксама без праблем вандравалі ў заходнім накірунку.

Песню мы напісалі з сябрам Янам Вераб'ём менавіта ў студэнцкія гады. Амстэрдам быў увасабленнем класічнага сімвала "Sex, drugs & rock'n'roll". Адначасова ён быў дастаткова далёкім і недасяжным, каб вандроўка туды магла стаць марай. Гады мінулі, мара спраўдзілася і не расчаравала».

Невялікі зборнік з вандроўнымі песнямі ад сёння можна спампаваць на старонцы кампаніі «У Беларусь і Еўропу - БЕЗ ВІЗЫ!». Дыск можна будзе атрымаць на адкрытай прэзентацыі паспяховых бязвізавых праектаў, якую абяцаюць зладзіць укладальнікі.

Удзельнікі кампаніі спадзяюцца, што калі-небудзь візавы рэжым будзе спрошчаны ці адменены, бо супраць нелегальнай міграцыі і злачыннасці, на іх думку, ён не дапамагае, але надта замінае пабачыць свет.


Ганна Валынец 15:27, 15.10.2014 | Маршруты |




comments powered by Disqus
 
In 0.0461 seconds.