У Расеі для паступленьня ў ВНУ прыйдзецца здаваць тэст на ўжываньне наркотыкаў?
У Расеі, магчыма, хутка для паступленьня ў ВНУ абавязкова прыйдзецца здаваць тэст на ўжываньне наркотыкаў. Такая ініцыятыва належыць расейскаму міністру адукацыі Андрэю Фурсенка.
Па яго словах, гэта трэба рабіць для таго, каб ведаць пра наркаманію ў асяродку студэнцтва.
Між іншым дадзеная ініцыятыва міністэрства адукацыі Расеі парушае базавыя прынцыпы Канстытуцыі - прэзумпцыю невінаватасьці і права на недатыкальнасьць уласнага жыцьця.
Па афіцыйным дадзеным, у Расеі на ўліку ў дактароў стаяць 150.000 падлеткаў, якія ўжываюць наркотыкі. Па словах прадстаўнікоў МУС РФ, колькасьць падлеткаў, якія ўжываюць наркотыкі, дасягае 4 мільёнаў чалавек, узровень захворваньня наркаманіяй сярод моладзі ў 2,5 разы большы, чым у дарослых.
Колькасьць сьмяротных выпадкаў ад ужываньня наркотыкаў у параўнаньні з 80-мі гадамі павялічылася ў 12 разоў, сярод няпоўна гадовых - у 42 разы.
Папярэдняя ініцыятыва расейскага міністра адукацыі й навукі датычылася ўвядзеньня цэнзуры ў адносінах да ўзгадаваньня наркотыкаў у Інтэрнэце. Андрэй Фурсенка некалькі дзён таму прапанаваў прафіляктыку школьнай наркаманіі - абмежаваць доступ да сайтаў, якія прапагандуюць наркотыкі.
Да 2008 года міністэрства плянуе падключыць "антынаркатычныя" фільтры (адмысловыя прыстасаваньні, якія адсочваюць спасылкі на наркатычныя сайты па кодавых словах) да ўсіх школьных кампутараў, якія маюць выхад у Інтэрнэт. Такую прафіляктыку зазвычай прымяняюць да парнаграфічных сайтаў.
Усталяваньне кампутэрных сыстэм фільтрацыі інтэрнэт-сайтаў патрабуе ад кожнай школы ад 1 да 2,5 тысячы даляраў.
Папярэднія падлікі паказалі, каб усталяваць ва ўсіх 20-ці тысячах навучальных установах "антынаркатычныя" праграмы, Міністэрству адукацыі Расеі спатрэбіцца ад 20 мільёнаў да 50 мільёнаў даляраў паведаміў korrespondent.net.