Высокія кактусы Сіцыліі: падарожныя аўтаспынныя нататкі

Самае прыемнае для дарослага – шанаваць унутранае дзіця, выконваючы мары дзяцінства. Тады, у дзевяностыя, мы не ўяўлялі, што самалёт можа быць танным, замежжа блізкім, а купацца ў лазурным моры – гэта пра нас.

Паўметровая костка і крэсла насупраць: «Тое, што трэба ў сіесту», – думалі мы з іроніяй, тыкаючы пальцам у таблічку «Annibal» пад званком. Трэці ці які там дзень, марыўшы з дзяцінства пра выспу з цёплым морам, мы лазім па яе гарадах і мястэчках.

Канешне, тут усё па-італьянску. “Do you speak English?” – у першыя дні і я трапілася на гэта. “No English. Italiano!” – усклікаюць мне ў адказ, і я шукаю жэсты і інтэрнацыянальныя словы.

Справа не ў тым, што італьянцы не ведаюць замежных моваў. Здаецца, тут не любяць ангельскую. Нібы палякі, якія не адказваюць, зблытаўшы «Добры дзень» і «Добрый день». Толькі на Сіцыліі не нацыяналізм, а нейкі антыглабалізм: гэтыя цёплыя, чароўныя і простыя людзі ахвотна адказваюць на маю французскую, успамінаючы школьныя ўрокі 10…20-гадовай даўніны. А я ў сваю чаргу вывучыла 20 італьянскіх словаў.

Тут амаль няма неітальянскіх нумароў, фур і акуратных кіроўцаў. “No stop, only “Bip! Bip!” – чую, як мясцовы кажа турыстам. О так, сіцылійцы здольныя стаяць на зялёны і дружна ехаць на чырвоны, зладзіць броўнаўскі рух на нерэгуляваным скрыжаванні; яны не прапусцяць цябе на «зебры», яны аб'едуць.

Вядома, што за аўтаспын без людзей, якія пераконваюць, што яго няма. Ёсць, не вельмі хуткі, і цябе бяруць адразу. Альбо не бяруць вельмі доўга. Ніхто не спыніцца на прамым кавалку дарогі, дзе няма ні з'ездаў, ні светлафораў; не спыняцца і там, дзе занадта можна ці дзе нязручна. Затое без пытанняў у прыгарадзе; там, дзе не зусім дазволена, але невысокія хуткасці; любы будзе рады, але будзе казаць, што людзі тут злыя.

Тут амаль няма паліцыянтаў, а якія ёсць, мабыць, усе ў сталіцы, Палерма. Там – нават больш, чым у Мінску. Затое ў невялікім горадзе можна сядзець ля паліцыі на крамцы, мазаць бутэрброды з беларускім несканчоным хлебам «Водар», мазаць сябе крэмам ад загару, а потым выпытваць у паліцыянтаў, дзе гістарычны цэнтр. А яны табе падораць невялікую мапу горада.

На Сіцыліі тры моры і процьма нерухомасці на продаж, нібы людзі разбягаюцца. Некаторыя хаткі ў выдатным стане, а некаторыя паспелі разбурыцца.

Чамусьці гэта гняце – магчыма, толькі нас. Магчыма, у сябе ў краіне мы звыклі баяцца развалін і кінутых жылых хат, баяцца бамжоў, іх галечы ці неадэквату.

…Мы ішлі два кіламетры ўздоўж суперстрады і па высокіх мастах. Не знайшлі супермаркетаў, а ў Тыцьяны (Tiziana) і Сальваторэ з булачнай па дарозе смачныя круасаны і танная піцца. І мы застаемся амаль на тры дні ў Порта д’Эмпедокле, дзе скалы абсыпаныя панэльнымі будынкамі, а ўнізе шыкоўныя пляжы і мала турыстаў.

«New York is wonderful!» – без сумневаў заяўляе наша новая знаёмая. Яны з мужам-кухарам любяць вандроўкі, маюць жытло, яшчэ ўласныя зямлю і булачную – дзве апошніх vendesi, як і ўсё тут. Праз пяць гадоў яны пераедуць у Нью-Ёрк.

Уначы гаспадары булачнай адвозяць нас на сваю зямлю, а сусед, сталы сіцыліец Вінчэнца, запрашае на начлег. «Кусай!» – кажа ён мне зранку, працягваючы карычневы стручок. Гэта каруба, у цемры падобная да калу аднаго з гаспадарскіх сабак. Плод хлебнага дрэва – вось ты які.

Тут, на выспе, багата незвычайнай садавіны, раслін і жыўнасці. Замест конікаў вакол скачуць яшчаркі, людзі ядуць фігі і рознакаляровы кактус – плады апунцыі, вырошчваюць гранаты з апельсінамі.

У іх ёсць незлічона палёў, і гледзячы на Сіцылію з самалёта, разумееш, што месца для намёту знайсці не так лёгка. Як кажуць мясцовыя, 10% – гэта прамысловасць, а 90% – сельская гаспадарка. На выспе ёсць нафта, мала хмар і сонечных батарэй.

У нас нафты няма (амаль), а хмар хапае. З беларускіх дарог бачна, што ў параўнанні з імі мы ні разу не сельскагаспадарчыя… Але ўсё ж крута, неверагодна крута, што ў нас ёсць высокі і цяністы лес.

Фота: Ганна Валынец, ArturJAH


Ганна Валынец 16:05, 08.10.2014 | Маршруты |




comments powered by Disqus
 
In 0.0504 seconds.