Анатоль Міхайлаў цяпер не рэктар ЕГУ, а прэзідэнт

Акадэмік Анатоль Міхайлаў, які быў рэктарам ЕГУ цягам больш чым дваццаці гадоў, з моманту заснавання ўніверсітэта, сыходзіць з пасады. Але праз перагляд Статута былы рэктар застаецца ва ўніверсітэце на новастворанай пасадзе прэзідэнта.

«Анатоль Міхайлаў – выбітны дзеяч у галіне адукацыі, чыя роля як кіраўніка была ключавой і ў справе стварэння ЕГУ ў Мінску, і потым для яго аднаўлення ў выгнанні пасля гвалтоўнага закрыцця беларускімі ўладамі. Я рады, што зараз ён працягне сваё шчыльнае супрацоўніцтва з універсітэтам як старэйшы дарадца і выкладчык», – такую заяву прафесара Дэніэла Таршыса, старшыні Кіраўнічай рады ЕГУ, распаўсюджвае прэс-служба ўніверсітэта.

Анатоль Міхайлаў

Новае прызначэнне ажыццявіў вярхоўны кіраўнічы орган ЕГУ – Усеагульны сход сузаснавальнікаў – у сувязі з пераглядам Статута ўніверсітэта. Прызначэнне ўваходзіць у сілу 30 верасня.

Перапрацаваны Статут таксама прадугледжвае пашырэнне ўдзелу выкладчыкаў і студэнтаў у кіраванні ўніверсітэтам. Усе чальцы прафесарска-выкладчыцкага складу з занятасцю больш за 27 гадзін на тыдзень і пяць выбарных прадстаўнікоў студэнцтва ўвойдуць у склад пашыранага Сената.

Хутка будзе абвешчаны конкурс на заняццё пасады рэктара. Да моманту, пакуль пераемнік акад. Міхайлава не зойме пасаду, часова выконваць абавязкі рэктара будзе праф. Дэвід Полік.

comments powered by Disqus
 
In 0.0922 seconds.