«Мы прыйшлі даўно, а сыйдзем няхутка»: гурт Brutto выдаў дэбютны альбом «Underdog»

Праз 12 дзён пасля закрыцця «Ляпіса Трубяцкога» Сяргей Міхалок выпусціў дэбютны альбом свайго новага праекту Brutto.

Большасць песень альбому рускамоўныя, але ёсць трэкі і па-беларуску, у тым ліку «Наша возьме» на верш Якуба Коласа. Песню спявае добра вядомы раней як чэмпіён па тайскім боксе малады спартовец Віталь Гуркоў:

«Гэты верш Коласа ведаў яшчэ са школы, але ніколі ня думаў, што яго можна аформіць у панк-рок і тым больш, што я буду далучаны да гэтай справы. Гэтыя словы былі напісаныя даўно, але мне здаецца, што яны будуць актуальнымі заўжды і кожны можа знайсці ў іх свой сэнс. Трэба толькі ўсвядоміць хто такія “мы” у гэтым вершы. Калі прымаць за “мы” беларусаў, то ў гэтым тэксце ўбачыцца ўся глыбіня і боль нашага народа. У цэлым жа гэта песня пра тых, хто змагаецца па розных кірунках за сваю справу і верыць у перамогу, а не сыходзіць з абранага шляху. Таму мне як спартоўцу – “Наша возме” родная песня!», – распавёў з нагоды прэзентацыі песні на Tuzin.fm вакаліст гурта Brutto.

Альбом цалкам выкладзены на канале гурта на музычным сервісе Soundcloud, дзе яго суправаджае таксама кароткі маніфест:

«Мы - BRUTTO! Нас - мільёны! Мы - дварнягі і Андэрдогі. Мы народжаныя жабракамі, але ўнутры нас - тысячы маленькіх прынцаў. Мы не ныем і не скуголім. Мы нічога не просім. Наш праца дасць нам усё неабходнае. З намі – зямля нашых бацькоў, з намі – нашы жонкі і дзеці. Мы – не адзіночкі. Побач – нашы сябры. Не замінайце нам мірна жыць, іначай атрымаеце пізды. Мы прыйшлі даўно, а сыйдзем няхутка».

 

У vk.com/brutto_band з'явілася першая інфармацыя пра бліжэйшыя канцэрты новага гурта, усе яны пройдуць у Расеі. 15 лістапада Brutto прэзентуе Underdog у Самары, потым у Екацерынбургу, Варонежы, а ў снежні выступіць на пляцоўках Санкт-Пецярбурга і Масквы.


13:21, 12.09.2014 | Навіны |




comments powered by Disqus
 
In 0.0458 seconds.