Больш за $10 000 на праекты, якія змяняюць свет: Social Weekend абвесціў новы конкурс грантаў

З 10 верасня пачаўся прыём заявак на 4-ы конкурс сацыяльных праектаў Social Weekend. 


Адзін з пераможцаў папярэдніх конкурсаў: Пошукава-выратавальны атрад «Анёл»

Да канца гэтага месяца ёсць магчымасць даслаць сваю ідэю, з шэрагу тых, што змяняюць свет да лепшага, каб паўдзельнічаць у розыгрышы грантаў на суму больш за $10 000. Ідэі павінныя быць звязаныя з адукацыяй, культурай, дабрачыннасцю, аховай здароўя і інш. 

За ўсю гісторыю конкурсу было прафінансавана больш за 30 праектаў, сярод якіх пошукава-выратавальны атрад «Анёл», праект «Яны маюць права жыць», праект «Велокухня (Bike Kitchen)», фестываль беларускай культуры «Багач», праект «Архітэктура, якая гаворыць», і інш. 

Генеральным партнёрам конкурсу з'яўляецца кампанія Velcom з намінацыяй «Мабільныя рашэнні», таксама грантадаўцамі выступілі Realt.by з намінацыяй «Паляпшэнне навакольнага асяроддзя», Мамочки.by з намінацыяй «Мы для дзяцей», Startidea.by і многія іншыя.

На думку аднаго з сябраў журы конкурсу Ўладзіміра Карагіна, старшыні ГА «Мінскі сталічны саюз прадпрымальнікаў і працадаўцаў», Social Weekend — гэта выдатная ініцыятыва маладых сацыяльна адказных прадпрымальнікаў і тых, хто іх падтрымлівае. Грунтуючыся на сучасных камунікацыйных тэхналогіях, яны захапляюць сваімі ідэямі і ствараюць мадэль грамадзтва будучыні, успрымальнага да сацыяльных праблем і патрэбаў людзей, якое ўмее даць канкрэтны адказ на пытанне і нацэленае на дасягненне адчувальных вынікаў.

Конкурс пройдзе ў чатыры этапы: прыём заявак (10 - 30 верасня), сацыяльнае галасаванне (6 - 12 кастрычніка), сустрэчы праектаў з экспертамі (19 - 20 кастрычніка), фінальнае мерапрыемства (26 кастрычніка), якое адбудзецца ў канферэнц-зале CrownePlaza Minsk Hotel.

У журы конкурсу ўвойдуць: Юрый Зісер (заснавальнік і саўладальнік TUT.BY), Аляксандр Скрабоўскі (кіраўнік StartIdea.by), Ірына Карзюк (кіраўнік групы карпаратыўных камунікацый Velcom), Уладзімір Карагін (старшыня ГА "Мінскі сталічны саюз прадпрымальнікаў і працадаўцаў»), Алеся Бугаёва (дырэктар MaeSens.by), Арцём Рыбакін (тэлевядучы, акцёр, МС), Кацярына Пытлева (тэлевядучая, журналіст, ды-джэй радыё «Мір») і іншыя. 

Удзел у конкурсе бясплатны. Заяўкі прымаюцца да 30 верасня 2014 года. 


14:52, 11.09.2014 | Навіны |




comments powered by Disqus
 
In 0.0509 seconds.