Фестываль «Камяніца» адкрые этна-трыа «Троіца»
Арганізатары фолк-фестывалю «Камяніца», які адбудзецца 6 верасня ў Музеі народнай архітектуры і побыту пад Мінскам абяцаюць усіх накарміць, пацешыць і акультурыць. Мерапрыемства, грошы ад якога дапамагаюць захоўваць унікальныя экспанаты музея, адбудзецца пры падтрымцы ААТ «Банк БелВЭБ».
Стартуе фэст роўна а 12-й – пачнуць сваю працу кірмаш рамеснікаў, дзіцячая пляцоўка, а таксама шматлікія майстар-класы. Гледачы змогуць навучыцца плесці з саломкі і ляпіць гаршчкі, асвоіць народныя танцы і стральбу з лука ды арбалета. А таксама проста пакачацца ў стогу сена. Жадаючых «акультурыцца» чакаюць выставы мастакоў Ганны Сілівончык і Васіля Пяшкуна, фатографаў Сандры Міраненка і Ганны Байдаковай.
Апоўдзень загучыць і музыка. Спачатку на малой сцэне – там выступяць фолк-гурты «Рада» і «Гарынь», а таксама дзіцячыя калектывы «Бараўлянская крынічка» і «Рада» пад кіраўніцтвам Ірэны Катвіцкай. Пасля 13 гадзін з вялікага імені стартуе музычная праграма на вялікай сцэне – на сцэну выйдзе легендарнае этна-трыа «Троіца». За амаль 20 год кар’еры «беларускія шаманы» аб’ехалі дзясяткі краін свету і зараз рыхтуюць матэрыял для новага альбома, як мінімум адна кампазіцыя з якога прагучыць на фэсце разам з лепшымі песнямі розных гадоў. Апошні на гэты момант дыск «Троіцы» «Зімачка» (2011) быў прызнаны лепшым беларускім альбомам 5-годдзя па версіі Experty.by.
– Мы звяртаем увагу гледачоў, што акрамя ўсіх забаваў частка часу ў вас пойдзе на агляд экспанатаў музея. Вы проста не здолееце прайсці міма, таму прыязджайце загадзя, – адзначае каардынатар фестывалю Сяргей Чэгрынец. – Таксама важным момантам з’яўляеццца папярэдні продаж квіткоў – яго вынікі дапамагаюць нам планаваць колькасць людзей і рэсурсы, якія трэба прыцягнуць дзеля забяспячэння гледачоў харчаваннем і базавымі выгадамі. Квіткі танныя, таму шмат хто адкладае набыццё на дзень мерапрыемства, але для нас важна змяняць гэту сітуацыю.
Нагадаем, што ў гэтым годзе на фэсце выступіць шмат замежных гасцей: DJ Алег Скрыпка (Украіна), «Отава Ё» (Расія), Ahmed Ma Hlad (Чэхія), Караліна Ціха і Бартэк Палыга (Польшча), «Бандурбэнд» (Украіна). Беларусь у дадатак да вышэй названых калектываў будуць прадстаўляць гурты Kriwi, Shuma, Re1ikt, «Ягорава гара».
Фота/вела/ежа. Фотаапараты на тэрыторыі фестывалю дазволеныя. Не будзе праблем і ў раварыстаў, для якіх будзе арганізавана адмысловая паркоўка. А вось ежу ды напоі давядзецца пакінуць дома – праносіць іх на тэрыторыю фэста забаронена.
Квіткі на фэсткаштуюць 60 тысяч рублёў, для школьнікаў – 30 тысяч рублёў, дашкольнікі патрабяць на "Камяніцу" бясплатна. Набыць квіткі можна на сайце (http://afisha.bycard.by/performance/572) альбо ў фірменых касах ByCard (http://www.bycard.by/info/cashplaces). Уваход для гледачоў у беларускіх нацыянальных строях бясплатны, але гэта мусяць быць поўныя варыянты касцюмаў – дазваляецца толькі сучасны абутак.
Транспарт. Бясплатныя аўтобусы ад станцыі мятро "Малінаўка": ад 11:40 да 14:00, а таксама ад 18:00 да 23:00 з інтэрвалам 15-20 хвілін, ад 14:00 да 18:00 – 50-60 хвілін. Прыгарадныя аўтобусы ад аўтастанцыі "Паўднёва-заходняя" (кошт 5,5 тыс. руб.): 11.40, 12.20, 13.15, 14.15, 14.40, 15.50, 16.05, 17.00, 18.00, 18.20, 20.30. У бок Мінска ад прыпынка "Паварот да музея": 12.20, 13.34, 13.52, 14.00, 15.26, 16.09, 16.30, 17.16, 17.36, 19.14, 19.33, 21.38.
Пачатак мерапрыемства ў 12.00, фінал – у 22.00. Інфалінія: (029) 258 62 36.