Адкрыты прыём заявак на міжнародны кінафестываль Cinema Perpetuum Mobile

Стартаваў прыём заявак да ўдзелу ў IV фестывалі кароткаметражнага кіно Cinema Perpetuum Mobile, што пройдзе ў красавіку 2015 года.

Для ўдзелу ў фестывалі прымаюцца фільмы працягласцю не больш за 35 хвілінаў, створаныя не раней за 1 студзеня 2013 года. Апошні тэрмін падачы заявак і адпраўкі работ – 15 лістапада 2014. Запоўніць заяўку на ўдзел у фестывалі і даслаць фільм можна па спасылцы.

Кінафестываль CPM ствараецца на прынцыпах адкрытасці, самаарганізацыі і празрыстасці. Гэта значыць, што любы чалавек можа далучыцца да агульнай справы і дапамагаць у арганізацыі фестывалю. Усе, хто неабыякавы да развіцця кінематографу, вольнага ад камерцыйнай цэнзуры, можа напісаць арганізатарам і далучыцца да працы.

Летась кінафестываль прайшоў у кінатэатрах “Ракета”, “Цэнтральны” ды іншых культурных пляцоўках гораду. Акрамя гэтага, паказы CPM адбылісяў 7 гарадах Беларусі, а паказы спецыяльнай міжнароднай праграмы ўбачылі кінааматары ў 10 краінах свету.

Шырокая геаграфія паказаў стала не адзінай асаблівасцю праекта. Перад фестывалем 2014 года арганізатары правялі для мінчукоў 32 папярэдніх прагляды, дзе кожны глядач змог сам паўдзельнічаць у адборы фільмаў на фестываль.

Першы папярэдні прагляд адбудзецца ўжо ў верасні. Сачыць за апошнімі навінамі фестывалю можна на афіцыйным сайце filmfest.by, а таксама ў сацыяльных сетках Facebook і Вконтакте.

Умовы ўдзелу ў фэсце змешчаныя на сайце фестывалю.

Кінафестываль Cinema Perpetuum Mobile скіраваны на прасоўванне незалежнага, аўтарскага кіно, падтрымку беларускага кінематографу і спамогу фільммейкерам-пачаткоўцам, а таксама на стварэнне пляцоўкі для дыялогу паміж кінасупольнасцямі па ўсім свеце.

11:47, 03/09/2014 | Навіны |
comments powered by Disqus
 
In 0.0606 seconds.