Адкрываецца III Міжнародны кінафестываль Cinema Perpetuum Mobile

З 18 красавіка па 1 траўня ў Беларусі будзе адбывацца Трэці міжнародны фестываль кароткаметражнага кіно Cinema Perpetuum Mobile (CPM). Фестывальная праграма пройдзе не толькі ў Мінску, але і ў іншых абласных цэнтрах ды буйных гарадах краіны: Брэсце, Магілёве, Мазыры, Гомелі, Гродна, Салігорску i другiх гарадах. Спецыяльная міжнародная праграма фестывалю будзе паказаная і за межамі краіны, а менавіта ў Расіі, Украіне, Малдавіі, Польшчы, Літве, Вялікабрытаніі, Італіі, Германіі, Румыніі, Аўстраліі, Інданэзіі ды Малайзіі.

Паказы кінафестывалю ў Мінску адбудуцца ў кінатэатрах “Цэнтральны” і “Ракета”, а таксама ў творчым цэнтры “Майстэрня”, крэатыўным кластэры “Імагуру”, моладзевым цэнтры “Фіальта”.

У гэтым годзе фестывальная праграма прадстаўленая 150 фільмамі, адабранымі з 80 краін-удзельнікаў. Гасцей фестывалю чакаюць аўтарскія работы з Францыі, Іспаніі, Бразіліі, Ірану ды іншых краінаў, а таксама прагляд фільмаў беларускіх аўтараў. Традыцыйна конкурсная праграма будзе складацца з ігравой, дакументальнай, эксперыментальнай і анімацыйнай секцый.

У гэтым годзе ў праграму фестывалю ўключаная секцыя пад назвай “Чалавек у XXI стагоддзі”, што закранае вострыя праблемы сучаснага грамадства: жыццё мігрантаў, праблемы людзей з інваліднасцю ў грамадстве для “здаровых людзей”, сучасныя стасункі паміж людзмі і гендэрныя праблемы.

Арганізатары ўпэўненыя, што фармат кінафестывалю з’яўляецца найбольш адпаведным інструментам для таго, каб прыцягнуць увагу да наяўных сацыяльных праблемаў. “Кароткаметражнае кіно - кіно, вольнае ад камерцыйнай цэнзуры, кіно самастойных аўтараў, што пасродкам візуальных вобразаў заклікаюць да асэнсавання рэчаіснасці,” – дзеліцца сваім бачаннем Аляксандр Мартынюк, аўтар ідэі фестывалю CPM.

Акрамя кінапаказаў, праграма “Чалавек у XXI стагоддзі” прадугледжвае дыскусіі і абмеркаванне сумесна з запрошанымі экспертамі ў кожнай галіне. Уваход на паказы праграмы бясплатны.

Фестываль наведаюць удзельнікі з Францыі, Швецыі, Іспаніі, Германіі, Венесуэлы, Польшчы ды іншых краінаў, што прадставяць свае работы. Таксама запланаваныя майстар-класы з удзелам замежных гасцей.

Кінафестываль Cinema Perpetuum Mobile гэтага году адрозніваецца ад папярэдніх не толькі новымі кіна-секцыямі, правядзеннем майстар-класаў, але і метадамі арганізацыі адбору фільмаў (перадфестывальнай часткі).

З пачатку восені да канца зімы арганізатары правялі 32 адкрытых папярэдніх прагляды, што праходзілі кожныя выходныя на розных культурных пляцоўках гораду. Усе ахвотныя маглі не толькі першымі паглядзець новае кіно, але і ставіць свае адзнакі прагледжаным фільмам. На падставе атрыманых дадзеных каардынатары фестывалю вызначалі сярэдні бал фільма і яго месца ў рэйтынгу, якое ўлічвалась пры фармаванні конкурснай і пазаконкурснай праграмаў.

Правядзенне перадпраглядаў дазволіла праглядзець усе 800 дасланых на фестываль фільмаў, і абраць найбольш вартыя работы. Апроч таго, кожны ўдзельнік перадпраглядаў здолеў адчуць непасрэдную прыналежнасць да адбору фільмаў. Такога кшталу эксперымент таксама атрымаў станоўчыя водгукі рэжысёраў, што ўдзельнічаюць у фестывалі.

Кінафестываль Cinema Perpetuum Mobile быў заснаваны ў 2011 годзе згуртаваннем энтузіястаў-кінаманаў “Kinaklub.org”. Фестываль накіраваны на прасоўванне незалежнага, аўтарскага кінематографу; подтрымку культурнай разнастайнасці ў кіно, а таксама стварэнне пляцоўкі для дыялогу паміж кінематаграфістамі, кінасупольнасцямі і кінааматарамі па ўсім свеце.

У 2013 годзе ў СРМ узялі ўдзел фільмы болей як з 40 дзяржаваў, а самі паказы прайшлі ў 11 буйных гарадах Беларусі, уключна з Мінскам, а таксама ў 15 іншых краінах свету. У фестывалі 2014 году ў папярэдніх праглядах ўзялі ўдзел болей 800 фільмаў з 79 краінаў.

Праграма III Міжнароднага кінафестывалю Cinema Perpetuum Mobile 2014 г.

18 красавіка - пятніца

19.00 – Адкрыццё кінафестывалю Cinema Perpetuum Mobile - ЦЭХ, пр. Незалежнасці, 58, к. 6, (праход праз вул. П. Броўкі) левы пад’езд, 2 паверх.

19 красавіка - субота

18.00 - Паказ і дыскусія: «Чалавек у XXI стагоддзі. Жанчына ў XXI стагоддзі» - Творчы цэнтр “Майстэрня”, вул Энгельса, 12.

21.30 - Конкурсны паказ ігравога кіно №1 - кінатэатр Цэнтральны, пр. Незалежнасці, 13.

20 красавіка - нядзеля

18.00 - Паказ і дыскусія: «Чалавек у XXI стагоддзі. Свет без межаў» - творчы цэнтр “Майстэрня”, вул Энгельса, 12.

21.00 - Конкурсны паказ игравога кіно №2 - кінатэатр Цэнтральны, пр. Незалежнасці, 13.

21 красавіка - панядзелак

19.00 - Конкурсны паказ эксперыментальнага кіно - кінатэатр Ракета, малая заля, зав. Рабочы, 3 (ст. метро Пралетарская).

21.00 - Пазаконкурсны паказ анімацыі - кінатэатр Ракета, малая заля, зав. Рабочы, 3 (ст. метро Пралетарская).

22 красавіка - аўторак

19.00 - Конкурсны паказ дакументальнага кіно №1 - кінатэатр Ракета, малая заля, зав. Рабочы, 3 (ст. метро Пралетарская).

21.00 - Конкурсны паказ анімацыі - кінатэатр Ракета, малая заля, зав. Рабочы, 3 (ст. метро Пралетарская).

23 красавіка - серада

18.30 - Прэзентацыя праекта Filmowe Podlasie Atakuje (Беласток, Польшча) і сустрэча з беларускімі рэжысёрамі - творчы цэнтр “Майстэрня”, вул Энгельса, 12.

21.00 - Конкурсны паказ ігравога кіно №3 - кінатэатр Цэнтральны, пр. Незалежнасці, 13.

24 красавіка - чацвер

19.00 - Конкурсны паказ дакументальнага кіно №2 - кінатэатр Ракета, малая заля, зав. Рабочы, 3 (ст. метро Пралетарская).

21.00 - Паказ фільмаў беларускіх аўтараў - кінатэатр Ракета, малая заля, зав. Рабочы, 3 (ст. метро Пралетарская).

26 красавіка - субота

15.00 - Дыскусія ад falanster.by і Пірацкага цэнтра на тэму: “Ці патрэбны капірайт для незалежнага кіно?” – Моладзевы цэнтр “Фіальта”, вул. Мяснікова, 35 (уваход з двара).

18.00 - Паказ пазаконкурснай праграмы “Сюррэалізм у кіно” - творчы цэнтр “Майстэрня”, вул Энгельса, 12.

18.30 - Паказ і дыскусія: “Чалавек у XXI стагоддзі. Стасункі ў XXI стагоддзі” - Імагуру/Фіальта

20.30 - Паказ пазаконкурснай праграмы дзіўнага кіно «Трэш/Дзэн» - творчы цэнтр “Майстэрня”, вул Энгельса, 12.

27 красавіка - нядзеля

12.00 – Майстар клас па стварэнні кіно без мантажу - творчы цэнтр “Майстэрня”, вул Энгельса, 12.

19.00 - Паказ пазаконкурснай праграмы эксперыментальнага кіно - творчы цэнтр “Майстэрня”, вул Энгельса, 12.

28 красавіка - панядзелак

18.30 - Паказ і дыскусія: “Чалавек у XXI стагоддзі. На роўных” - крэатыўны кластэр “Імагуру”, вул Фабрыцыюса, 4.

30 красавіка - серада

18.30 - Лекцыя “Жывое Кіно” - Цэнтр Сучаснага Мастацтва, мадэратар Вольга Салахеева.

1 мая - чацьвер

17.00 - Закрыццё фестывалю. Узнагароджанне пераможцаў. Паказ лепшых фільмаў. Грушаўскі сквер. 


15:48, 16.04.2014 | Навіны |




comments powered by Disqus
 
In 0.0494 seconds.