На «Камяніцы» выступяць хэдлайнеры з 5 краін

Арганізатары фолк-фестывалю «Камяніца» абвесцілі спіс удзельнікаў фэста. У мерапрыемстве, якое адбудзецца пры падтрымцы ААТ «Банк БелВЭБ», вазьмуць удзел артысты з Беларусі, Украіны, Польшчы, Чэхіі і Расіі. Квіткі ўжо ў продажы.

Камяніца

Як і раней, вялікую частку праграмы складаюць лепшыя беларускія фолк-гурты розных пакаленняў. З грандаў – легендарная "Троіца" і энэргічныя Kriwi на чале з Веранікай Кругловай, чый дыск "Траўкамураўка" (2013) вясной атрымаў прыз за "Лепшы фолк-альбом" на ўзнагародах Experty.by. З больш маладых – электронная Shuma са светлавым шоў і рокеры Re1ikt з адмысловай акустычнай фолк-праграмай. Акрамя гэтага на малай сцэне выступяць фолк-гурты  "Рада", "Горынь", "Ягорава гара", на вялікай – фолк-тэатр "Яварына".

Разам з тым, з пункту гледжання замежных артыстаў гэта будзе самы зорны фэст за ўсю гісторыю "Камяніцы". Акрамя ўжо абвешчанага DJ-сэта ад Алега Скрыпкі гледачоў чакае народны ар-эн-біў выкананні "Отава Ё" (Расія), запальныя фолк-хуліганы AhmedMaHlad (Чэхія), рэп-рок-фолкавыя эксперыменты "Бандурбэнд" (Украіна), а таксама мультылінгвістычны праект Караліны Ціхай і Бартэка Палыгі (Польшча) – прыпадтрымцы "Інстытута Польскага" яны прывязуць праграму, створаную на 9 мовах, на якіх гістарычна размаўляла Беласточчына. 

– Склад музычнай часткі фэста ў гэтым годзе моцна ўражвае. На мой погляд, амаль кожны з яго ўдзельнікаў можа быць хэдлайнерам любога еўрапейскага фальклорнага фэстывалю, – адзначае Алег Хаменка, лідар гурта "Палац" і нязменны вядоўца "Камяніцы".

Акрамя гэтага гледачоў чакае кірмаш традыцыйных рамёстваў, старадаўнія танцы і гульні, а таксама выставы, майстар-класы і нацыянальныя стравы ад лепшых шэф-кухараў. Як і раней, уваход для гледачоў у беларускіх нацыянальных строях будзе бясплатным. Мужчынскі строй мусіць складацца з галаўнога ўбора, кашулі, поясу, нагавіцаў, камізэлькі. Жаночы касцюм – з галаўнога ўбора (акрамя дзяўчат), спадніцы, фартуха, кашулі, поясу. Абутак у абодвух выпадках можа быць сучасным. 

Квіткі на фестываль у продажы праз сістэму ByCard. Кошт – 60 тысяч рублёў. Набыць можна на сайце (http://afisha.bycard.by/performance/572) альбо ў фірмовых касах (http://www.bycard.by/info/cashplaces). Грошы ад квіткоў дапамагаюць рэканструкцыі і захоўванню экспанатаў Музея народнай архітэктуры і побыту (4 км за аўтарынак "Малінаўка"), дзе і адбываецца фэст. Пачатак мерапрыемства ў 12.00, фінал – у 22.00. Інфалінія: (033) 673-83-97

15:00, 26/08/2014
comments powered by Disqus
 
In 0.061 seconds.