Фолк-фэст «Камяніца» запрашае творчых людзей
6 верасня на тэрыторыі Музея народнай архітэктуры і побыту пад Мінскам пра падтрымцы ААТ «Банк БелВЭБ» адбудзецца шосты па ліку фолк-фэст «Камяніца». У гэтым годзе арганізатары плануюць пашырыць культурны напрамак мерапрыемства.
Фота: Юля Сакалоўская
– За гэтыя гады мы адбудавалі якасную музычную праграму фэсту, забавы і рамёствы. Наша наступная мэта – пашырыць культурны напрамак «Камяніцы». Таму мы запрашаем да ўдзелу фатографаў, дызайнераў і мастакоў, якія працуюць у рэчышчы нацыянальнай культуры. Запрашаем адукацыйныя праекты і проста творчых людзей, якія жадаюць паказаць сваю працу шырокай аўдыторыі, – распавядае каардынатар фестывалю Сяргей Чэгрынец. – Свае прапановы дасылайце да 25 жніўня на мэйл kamianica2003@gmail.com з апісаннем, прыкладамі і кантактамі.
Склад музыкаў арганізатары плануюць абвесціць у хуткім часе. У фэсце бяруць удзел лепшыя прадстаўнікі беларускай фолк-сцэны і замежныя госці. У мінулыя гады на «Камяніцу» прыязджалі «Даха Браха» (Украіна), Orkiestra Sw.Mikolaja (Польшча), «Іван Купала» (Расія), «Фолькнери» (Украіна) і шэраг іншых выканаўцаў.
Фестываль «Камяніца» адбываецца з 2009 года і мае дабрачынны характар. Усе сродкі ад квіткоў ідуць на рахункі Музея народнай архітэктуры і побыту у вёсцы Азярцо пад Мінскам (4 км за аўтарынак «Малінаўка»), дапамагаючы захоўваць самую вялікую ў Беларусі калекцыю аўтэнтычнай драўлянай архітэктуры XVIII-XX стагоддзяў.