Як натоўп у паўтары тысячы ровараў праехаў па Берасці

Першы сапраўды вялікі міжнародны велафестываль у Беларусі прайшоў мінулымі выходнымі ў Берасці. Горад праз пяць год плануе адзначаць 1000 год існавання і сёлета мясцовая адміністрацыя ўжо пачала пашыраць размах свята, запрасіўшы да сябе вялікі натоўп раварыстаў з розных краінаў.

Generation.by наведаў Берасце, каб паглядзець на цікавую ініцыятыву па прамоцыі роварнага руху ад тамтэйшай адміністрацыі горада.

Вечарам 25 ліпеня мы далучыліся да шматлікіх групаў людзей з роварамі, што пачалі з’язджацца ў Берасце. 

Раніца перад стартам вітала сонечным блакітам і спякотай, ды стварала лірычны настрой. Яшчэ не паспелі прачнуцца кавярні, як па горадзе ў кірунку Брэсцкай крэпасці бесперапынна праносіліся людзі на колах. 

Месца збору ўдзельнікаў было прызначанае на пляцоўцы ля Зоркі. І на яе сабраліся паўтары тысячы чалавек: з Беларусі, з Украіны, Польшчы, Літвы ды Расеі. Рэгістрацыю прайшлі таксама нават веласепедысты з Аўстраліі і Швейцарыі.

Сонца падымалася ўсё вышэй і ўсё болей награвала паветра. 

Роварнае свята, зладжанае адміністрацыяй гораду, да таго ж у такіх маштабах, не магло абысціся без суправаджэння ДАІ. Стартавала калона ад Брэсцкай крэпасці, праз горад і да музею «5-ы форт».

Пасля першага этапу раварысты мусілі зарэгістравацца, каб атрымаць афіцыйны статус.

Асноўны маршрут, які ляжаў перад кожным удзельнікам фестывалю складаў 10.2 км па колу. Гэтыя кіламетры па пераважна пяску і грунту ды пад знойным сонцам апынуліся сапраўдным выпрабаваннем. Вада ў гэты момант стала самым папулярным рэчывам. Кожная крама, што траплялася на шляху па маршруце, была атакаваная раварыстамі ў пошуках вадкасці. Балазе, на кантрольным пункце перад завяршэннем кола быў калодзеж. Райскае мястэчка, дзе можна было ўмыцца і набраць флягу з вадой. 

Далей ужо чакаў нязначны кавалак маршрута, пераважна з шашой. А на фінішы ўдзельнікаў сустракала палявая кухня з грэчневай кашай ды гарбатай. 

Згодна індывідуальнаму задору нехта без перапынку праходзіў маршрут кола за колам, а нехта тым часам сілкаваўся чым-небуць смачным, схаваўшыся ў вялікім цені ад высокай бетоннай канструкцыі, якая ўвасабляла сабой музей.

Лепшымі сябрамі раварыстаў у гэты дзень апынуліся пажарнікі. Яны на сваёй вялізнай чырвонай машыне заклікалі адмысловым сігналам веласіпедыстаў да сябе і палівалі распалены народ сапраўдным ліўнем.

Яшчэ фотаздымкі

 


Юля Сакалоўская 17:50, 29.07.2014 | Рэпартажы |




comments powered by Disqus
 
In 0.049 seconds.