«Адрыў»: як паўтысячы менчукоў усю ноч бегалі па начным горадзе ў пошуках прыгодаў

Пад светам ліхтароў з суботы на нядзелю праект па гарадскім арыентаванні «Адрыў» ізноўку адправіўся ў ноч. «Бачылі ноч!» – ужо пятая гульня, якая праходзіла пад зоркамі. Летась начны «Адрыў» стартаваў пад акампанементы дажджу. І гэтым разам лужы і азон надавалі начным рамантыкам дадатковых эмоцыяў.

Агулам ажно 197 камандаў у складзе 500 чалавек выйшлі на старт. Гэтым разам арганізатары падзялілі каманды на некалькі дыяпазонаў часу, каб пазбегнуць натоўпу і чэргаў у перапоўненым і спякотным памяшканні немалога «Цэха». Generation.by з’явіўся на самым пачатку і назіраў, як пакрысе запаўняецца стартавая пляцоўка ўсмешлівымі людзьмі і знаёмымі тварамі, якіх з кожнай гульнёй робіцца ўсё болей.

Надыйшоў наш час старту ў складзе каманды «Жэсць». Пачапілі значыкі і бэйджы, зафоткаліся, атрымалі заданні і пайшлі разгадваць загадкі ды складаць маршрут. Гульня была пабудаваная па фармаце рагейна: адзін этап, заданні ацэненыя ў балах ад 2 да 7. А аб'ектамі для пошуку, як і раней, з'яўляліся штучна створаныя арганізатарамі кодавыя надпісы, якія можна перапісаць беспамылкова. Вось мы і выправіліся ў начное паляванне за баламі ў прадчуванні цікавага квэсту.

У прыемным паветры ночы прачыналіся ліхтары і засыналі вокны сталічных дамоў. Дзе-нідзе сунулася постаць самотнага мінака. Рытм гораду не спыніўся, але моцна знізіў абароты. У такой атмасферы на гарызонце гарадскіх лініяў, пачынаюць з’ўляцца купкі людзей з мапамі ды раварыстаў укамплектаваных ліхтарамі, каб правесці гэту вялікую ноч разам.

Усе вітаюцца, радуюцца падобным да сябе прыгоднікам. Жадаюць поспеху і збіраюць у маршрутнік кодавыя надпісы з зэдлікаў, дахаў альтанак, чырвоных слупоў.

Запытваемся ў Сяржука Зелянко, які грае ў складзе каманды  «HoRiZONT», чаму яму не спіцца і чым так вабіць «Адрыў»:

«У кожнай гульні можна знайсці штосьці асаблівае. Самая першая гульня была проста для таго, каб неяк разнастаіць сваё жыццё, гэта было чымсьці абсалютна новым і незнаёмым.

Мяне дзіка падкупляе атмасфера, што пануе тут. Калі збіраецца некалькі сотняў малазнаёмых людзей і нязмушана стасуюцца, жартуюць. Забываюць пра свае праблемы і проста прыходзяць за пазітывам. Але самае галоўнае тое, што я сустрэў на гульні вельмі шмат цікавых людзей, якіх з гонарам магу назваць сваімі сябрамі».

«Бачылі ноч!» для Ганны Жлобіч з каманды «Жэсць» была дэбютнай гульнёй у ночным фармаце:

«Гэта вельмі простая гульня па сэнсе, але праз яе пражываеш шмат імгненняў: і кайф, калі адгадваеш неардынарныя загадкі, прадчуванне прыгодаў, калі стартуеш па маршруце і выпрабоўваеш сябе. У начным «Адрыве» я ўдзельнічала ўпершыню – неперадавальнае ўражанне! Цеплыня жнівеньскай ночы, спакой, вагні, пустыя вуліцы – гэта насамрэчная рамантыка городу. Людзей няма, машын амаль таксама, усе спяць, але не мы! Мы шпацыруем па вуліцах і адчуваем сябе сапраўднымі. Проста прайсці па сцежцы з ліхтаром – гэта ўжо прыгода, а прабегчы ўранні – сапраўдны подзвіг у цяперашнім рытме жыцця».

Фініш арганізатары прызначылі на ганку новага Макдональдса, што на Лагойскім тракце. Таму матывацыя, асабліва для аматараў фастфуда і кавы была асаблівай. Стомленыя, але шчаслівыя прыгоднікі жыва абмяркоўвалі кантрольныя пункты і дзяліліся ўражаннямі ад мінулай ночы. А сонца тым часам падымалася ўсё вышэй.

Болей фотаздымкаў у фотаблогу: Начны летні «Адрыў»


Юля Сакалоўская 16:14, 23.07.2014 | Рэпартажы |




comments powered by Disqus
 
In 0.0455 seconds.