«Адрыў»: ноч сярод 450 чалавек, якія носяцца па Менску

Некалькі соцень чалавек збіраюцца разам у спякотным памяшканні, атрымліваюць заданні і знікаюць у ночы — гэта не апісанне працы патрулёў міліцыі, а модная гульня па гарадскім арыентаванні. «Адрыў» вярнуўся ў Менск праз болей чым гадавую паўзу. Юля Сакалоўская з фотаапаратам правяла ноч сярод беларускіх аматараў адрыўнога арыентавання.

Сіноптыкі абяцалі дождж з маланкай і не падманулі. Суботнім вечарам, акурат перад гульнёй прыйшла залева з маланкай. Пакуль змрочны горад дыхаў смачным азонам, 450 чалавек кіраваліся ў крэатыўны класцер МЕ100 на старт начной 68-й гульні па гарадскім арыентаванні «Август Раш» праекта «Адрыў».

Дзесяць гадзін вечару, рушым на старт па скарочаным маршруце з Акадэміі цёмнымі дворыкамі бальніцы да карпусоў БДУІРа. На ганку більярда «Классик» месцяцца фігуры з характэрнымі выразамі твараў. Яны ўжо стартавалі і, у пошуках «месца пад сонцам», акупавалі прыступкі пад лямпамі. Ля ўваходу ў МЕ100 жыццё кіпіць: мітусяцца чорныя постаці, адны з'язджаюць, другія прыязджаюць, мільгацяць ліхтарыкі, нехта вывучае мапу. Мы наверх.

У памяшканні нерэальная спякота, балазе гульня ўночы ды яшчэ і пасля дажджу. Вялізны натоўп напаўняе стартавую пляцоўку. Усім горача, але кожны чакае сваёй чаргі. І мы дачакаліся: атрымалі заданні, што адгадалася — адгадалі, маршрут склалі і — на старт. Цяпер нас чакае квэст па начным горадзе, які абяцае добрыя прыгоды.

Гульня ноччу мае сваю спецыфіку: не трэба лічыць талеркі альбо шукаць нешта на цёмных фасадах будынкаў. Арганізатары перад гульнёй на кантрольных пунктах наносяць коды, якія можна перапісаць без памылак.


«Аўгуст Раш» — чацвёртая начная гульня ў гісторыі праекта «Адрыў» у Менску, але з часу папярэдняй, што звалася «У пошуках Папараць-кветкі», прайшло болей за два гады — давялося нямала пачакаць. Як кажуць, горад пад коўдрай ночы не спыняе жыцця, асабліва пад час выходных, ён проста скідвае абароты. Але гэта не пра «Адрыў». Гэтай суботай начны Менск круціўся: людзі на роварах і пешшу, з мапамі ды ліхтарамі захапілі сонныя вуліцы, двары, завулкі, пад'земныя ды наземныя пераходы.

Гульня ў арыентаванне штораз адкрывае для кожнага нешта нават у родным горадзе. Цікавыя месцы ці невядомыя сцежкі. Праходы там, дзе паводле мапы прайсці немагчыма. Дарэчы, у цэнтры горада яшчэ можна пабачыць зоркі на начным небе.

Фініш арганізатары гэтым разам абралі з асабліва лірычным настроем — пляж у парку Перамогі, з зэдлікамі і альтанкамі на левым берагу Свіслачы. Пачало віднець, паветра рабілася бадзёрым ад ранішняга ветру. Фінішавалі 95 каманд у роварнай катэгорыі, што стала новым рэкордам, і 110 у пешаходнай. Удзельнікі з выглядам выкананага абавязку прыбывалі да Аляксея Zooma, які чакаў з вялікім гадзіннікам, і здавалі свае маршрутнікі. Раніца, сняданак з ссабоек, а ў горадзе тым часам пайшлі першыя цягнікі метро.  

Болей фотаздымкаў пра пошукі арыенціраў начнога гораду — у фотаблогу «Ноч з Адрывам».


Юля Сакалоўская 22:03, 12.08.2013 | Рэпартажы |




comments powered by Disqus
 
In 0.048 seconds.