Шмат гадоў таму вёска Стахі, што ў Вілейскім раёне, была дастаткова вялікай. Больш за 30 сямей, статак кароваў, нават мяжа паміж СССР і Польшчай калісьці праходзіла менавіта тут, па рацэ Вілія. Гэтыя факты — першае, што ўзгадваюць тутэйшыя, калі спытаеш пра іх жыццё.
У 2014 годзе вёска ў заняпадзе. Жылых хат тут цяпер не больш за дзесяць. Астатнія ў лепшым выпадку пераробленыя пад лецішчы, частка ж пераўтварылася ў руіны, стаўшы асаблівасцю бэкграўнда.
Generation.by пазнаёміўся бліжэй з жыхарамі Стахаў і склаў галерэю беларускай генерацыі, якую мы амаль не заўважаем: пакаленне вяскоўцаў, якое сыходзіць.
Анця глядзіць на помнік, які падрыхтавала на сваю магілу
Анця нарадзілася ў суседняй вёсцы. У Стахі трапіла, бо выйшла замуж за мясцовага хлопца. Працавала дырэктаркай вясковай школы. Мае вышэйшую педагагічную адукацыю, чым вельмі ганарыцца.
З гаспадаркі ў Анці засталіся толькі курыцы. Карову трымаць няма сілаў.
«А свіней гадаваць сёння нявыгадна. Мяшок мукі каштуе 100 тысячаў, гэта на нядзелю свінне хопіць. Няма сэнсу самой гадаваць, дзешавей будзе ўжо дарослага кабанчыка купіць», – тлумачыць апошнія эканамічныя трэнды Анця.
Бабуля падрыхтаваная да смерці. Мае камплект адзення для пахавання, месца на пагосце. А таксама і помнік, на якім не хапае толькі другой даты.
Максік жыве тут жа на ферме, каля кароваў
Максік. Так ласкава называюць хлопца ў вёсцы. Напэўна таму, што ён маладзейшы за ўсіх. Максік прыехаў у вёску з Мінску разам з сям’ёй. Працавалі даярамі, але сям’я Максіка паехала далей, у Валожын. А хлопец застаўся. Атрымаў ад калгаса дом.
«Але было восьмае марта, святкавалі і дом спалілі», — кажуць стахаўскія бабулі.
Потым Максіку прадаставілі месца ў інтэрнаце, але не склаліся адносіны з суседзямі. Зараз Максік жыве на ферме, там і працуе. У даяра ёсць пакойчык непасрэдна ў кароўніку. Унутры – раскладушка, мікрахвалёўка і навагоднія ліхтарыкі. І да працы блізка.
Іруся жыве звычайным сучасным вясковым жыццём – з еўрарамонтам у хаце
Іруся жыве ў Стахах усё жыцце. Разам з ёй жыве яе муж. Вядуць гаспадарку, гадуюць жывёлу, працуюць на ферме. У хаце – практычна еўрарэмонт: плоскі тэлевізар, паркет… Іруся з мужам маюць два дзіцяці. Сын працуе на мінскім заводзе. Дачка жыве ў Вілейцы разам са сваёй сям’ёй.
Іруся прыцягвае ўвагу сваім “абыкнавенным” жыццём. У такім каларытным месцы.
Капрал Вацлаў з захапленнем распавядае, як вёска жыла «пад панам»
Калісьці па рацэ Вілія ў Стахах праходзіла мяжа між Савецкім Саюзам і Другой Рэччу Паспалітай. Стахі былі яшчэ ў складзе Польшчы, аднак на другім беразе быў СССР. У 1939 Вацлаў ваяваў за Польшчу супраць нацысцкай Германіі. Па словах самаго Ваці, удзелу ў рэальных баявых дзеяннях ён не прымаў. Аднак атрымаў званне капрала. Дагэтуль яго так і клічуць у вёсцы – капрал. Пасля вайны Вацлаў вярнуўся ў родную вёску, якая ў той час адыйшла ўжо да БССР.
На хаце Ваці ёсць адметка – «удзельнік вялікай айчыннай вайны». Сам жа капрал з захапленнем распавядае пра час, калі вёска была «пад панам».
«Пана любілі, бо ён і месца для працы даваў, і грошы плаціў. Тое, што пан быў злы, збіваў сялян – хлусня. Не ведаю, як там іншыя, а наш – ніколі. Усіх паважаў, усім за працу плаціў чэсна. Марылі да пана на службу трапіць».
«Капрал» пражыў амаль усё жыццё ў Стахах. Але зараз прыязджае з дачкой толькі на лета. Астатні год жыве ў Мінску: там і медыцына лепш, і прадукты больш якасныя за тыя, што два раза ў тыдзень прывозіць аўталаўка.
«Я пакупаю смачнае, каб есці можна было. Грошы дазваляюць: атрымліваю і беларускую, і польскую пенсію».