Праект «Апошні золак» – падвоеная прэм’ера супраць смяротнага пакарання

 

Выйшла ў свет фінальная версія праекта «Апошні золак», у межах якога з песнямі супраць смяротнага пакарання аб’ядналіся вядомыя беларускія музыкі – Лявон Вольскі, Ганна Хітрык, Зміцер Вайцюшкевіч, Наста Шпакоўская, Віктар Рудэнка, Алесь Дзянісаў і Аляксандр Памідораў.

"Апошні золак" працягвае традыцыі супольных праектаў "Народны альбом" і "Я нарадзіўся тут". Пры гэтым ён унікальны тым, што быў створаны не ў студыі, а ў рэжыме рэальнага часу, падчас анлайн-канцэрта, які адбыўся ў кастрычніку 2013.

Першапачаткова планавалася гэтым і абмежавацца, але на хвалі поспеху было вырашана зрабіць яшчэ адмысловую фінальную версію праекта для выдання. Яе прэм’ера адбылася сёння на беларускім партале TUT.BY і сайце Tuzin.fm. Акрамя таго праект выдадзены ў выглядзе эксклюзіўнага CD+DVD, які будзе распаўсюджвацца праз адмысловыя імпрэзы.

– Відэа перамантавалі, а мастачка Наста Шастак адмыслова для выдання па-новай зрабіла пясочныя кліпы. Па выніку атрымаўся першы ў Беларусі мультыракурсны DVD, гэтая тэхналогія дазваляе падчас прагляду выбіраць крыніцу відэасігналу – альбо пясочнае шоў, альбо канцэрт, – тлумачыць каардынатар "Апошняга золку", кіраўнік парталу Tuzin.fm Сяргей Будкін. – Таксама быў дапрацаваны і перазведзены аўдыёматэрыял, некаторыя моманты перапісаныя, так што маем яшчэ і якасны аўдыёварыянт канцэрта.

У межах праекта вядомыя музыкі заспявалі пра асноўныя спосабы смяротнага пакарання – адна цалкам новая і адна вядомая кампазіцыя ў новай аранжыроўцы ад кожнага з іх. За візуальную частку праекта адказваў рэжысёр-пастаноўшчык Павел Бандзіч, вядомы па стужцы "Сэрца за кратамі", якая перамагла ў намінацыі "Лепшы публіцыстычны фільм" на фэсце "Залаты бубен" ў Ханты-Мансійску (Расія).

– Гэта праект вядомых выканаўцаў, розных музычных стыляў і розных жыццёвых поглядаў, якія аб'ядналіся вакол адной тэмы, тэмы якая з'яўляецца дастакова сур'ёзнай праблемай ў нашай краіне. На мой погляд гэта сведчыць пра яе важнасць для грамадства, – адзначае каардынатар кампаніі ад праваабарончага цэнтра "Вясна" Андрэй Палуда. – Вялікі дзякуй творчай групе праекта і ўсім яго ўдзельнікам за іх вельмі прафесійны і шчыры ўклад у нашу агульную справу. Мы верым, што у тым ліку дзякуючы вось такім прыкладам грамадзкай неабыякавасці праз хуткі час Беларусь будзе краінай, вольнай ад смяротнага пакарання.

Беларусь з’яўляецца апошняй краінай у Еўропе і на постсавецкай прасторы, дзе захавалася смяротнае пакаранне. За апошнія 17 год было здзейснена каля 400 расстрэлаў і быў толькі адзін выпадак, калі смяротны прысуд быў заменены на турэмнае зняволенне.


13:30, 18.06.2014 | Навіны |




comments powered by Disqus
 
In 0.0424 seconds.