Грамадзянам Беларусі радзей за ўсіх адмаўляюць у шэнгенскіх візах

Верагоднасць атрымаць візу ў беларуса складае 99.2%.


З 2011 году грамадзяне Беларусі - лідэры па колькасці атрыманых візаў на 1 тыс. грамадзян

Беларусы — лідэры па колькасці станоўчых рашэнняў пры звароце за шэнгенскімі візамі. 

Такія дадзеныя Еўракамісіі, прадстаўленыя на семінары па візавай палітыцы Еўрасаюза ў Бруселі, публікуе БелаПАН

Паводле гэтых дадзеных, у 2013 годзе 99,2% зваротаў беларусаў за шэнгенскімі візамі былі вырашаныя станоўча. Беларусам было выдадзена болей за 777 тысячаў віз. У 0,8% выпадкаў у выдачы візы было адмоўлена. Годам раней было выдадзена каля 700 тысяч віз, колькасць адмоваў была прыблізна такая ж. 

У Расіі, дзе ў 2013 годзе было выдадзена каля 7 млн віз, станоўча разглядаюцца 99% зваротаў. Ва Ўкраіне візы выдаюцца ў 98,1% зваротаў. У 2013 годзе было выдадзена 1.5 млн віз.

За пяць гадоў колькасць выдадзеных беларусам шэнгенскіх віз вырасла больш чым на 400 тысяч. Так, у 2009 годзе беларусы атрымалі 369 842 візы, а ў 2013-м - 777 813 віз.

Сярод астатніх краін звароты грамадзян ПАР разглядаюцца станоўча ў 98,7% выпадкаў, Інданэзіі - 98,5%, Казахстана - 97,8%, Саудаўскай Аравіі - 97,2%, Кувейта - 96,8%, Кітая - 96,1% , Тайланда - 95,7%, Турцыі - 95,3%. 

Найбольш колькасць адмоваў у візах атрымліваюць грамадзяне Ірана. У 2013 годзе толькі 75,6% зваротаў былі разгледжаны станоўча.

Беларусы плацяць 60 еўра за шэнгенскую візу (грамадзяне Расіі і Украіны, у якіх падпісана пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму з ЕС, плацяць 35 еўра). Беларусь і ЕС у студзені гэтага году нарэшце пачалі перамовы па падрыхтоўцы пагадненняў аб спрашчэнні візавага рэжыму.

Таксама:Дзе беларусам лягчэй за ўсё атрымаць шматразовы шэнген

14:22, 16/06/2014 | Навіны |
comments powered by Disqus
 
In 0.0561 seconds.