Прэмія Гедройца: названыя 6 лепшых кніг беларускай літаратуры за 2013 год

На заключнай вечарыне з серыі “Пятніцы з Гедройцам” сябра журы прэміі Альгерд Бахарэвіч абвясціў шорт-ліст. 

На заключнай вечарыне з серыі “Пятніцы з Гедройцам” сябра журы прэміі Альгерд Бахарэвіч абвясціў шорт-ліст. У яго, як паведамляе Прэс-служба Беларускага ПЭН-цэнтра, ўвайшлі наступныя аўтары і кнігі:

 

  1. Ігар Бабкоў. Хвілінка: Тры гісторыі. — Мінск: “Логвінаў”.
  2. Алена Брава. Дараванне. Прощение. Vergebung. — Мінск: “Звязда”.
  3. Сяргей Вераціла. Разбітае сэрца Вітаўта. — Мінск: “Мастацкая літаратура”.
  4. Артур Клінаў. Шклатара. — Мінск: “Логвінаў”.
  5. Вінцэсь Мудроў. Багун. — Полацк: “Полацкае ляда”.
  6. Людміла Рублеўская. Ночы на Плябанскіх млынах. — Мінск: “Мастацкая літаратура”.

Абвяшчэнне адбылося пасля прадстаўлення трох кніг лонг-ліста: “Дараванне” Алены Брава, “Errata” Сяргея Дубаўца і “Зкімбы-зымбы” Аляксандра Лукашука. Вечарыны з серыі “Пятніцы з Гедройцам” праходзілі кожны тыдзень цягам красавіка з мэтай папулярызаваць сучасную беларускую літаратуру. Сустрэчы былі арганізаваныя Беларускім ПЭН-цэнтрам, Саюзам беларускіх пісьменнікаў і кнігарняй “логвінаЎ”.

Імёны трох фіналістаў будуць названыя 2 чэрвеня на ўрачыстай цырымоніі ўручэння прэміі. Аўтар кнігі, якая зойме трэцяе месца, атрымае творчую стыпендыю ва Вроцлаве (Польшча), другое — пераклад на польскую мову і стыпендыю на Готландзе (Швецыя), першае — чэк на 130 мільёнаў беларускіх рублёў ад IdeaBank.

У журы прэміі сёлета ўвайшлі: з беларускага боку — Валянцін Акудовіч, Уладзімір Арлоў, Альгерд Бахарэвіч, Барыс Пятровіч, Андрэй Хадановіч, Ціхан Чарнякевіч, з польскага боку — Малгажата Бухалік, Адам Паморскі. Ганаровы старшыня журы — Лешак Шарэпка, надзвычайны і паўнамоцны амбасадар Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь. Ганаровы старшыня выконвае прадстаўнічыя функцыі і не ўдзельнічае ў працы журы.

Папярэднія пераможцы прэміі:

  • 2012 — Павел Касцюкевіч з кнігай “Зборная РБ па негалоўных відах спорту” (атрымаў 105 мільёнаў);
  • 2013 — Уладзімір Някляеў з кнігай “Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без” (атрымаў 115 мільёнаў).
21:00, 16/05/2014 | Навіны |
comments powered by Disqus
 
In 0.0622 seconds.