Менскі гурт The Blackmail напярэдадні выпуску новага міні-альбома «Seasickness» прэзентаваў на партале Ultra-Music.com кліп на песню «Honey». Відэа было знятае на снежных прасторах Японіі і Швецыі рэжысёрам Сакурай Сато.
- Песня «Honey» - адна з першых нашых песень, у якой мы змянілі гучанне на яшчэ больш празрыстае і атмасфернае, - распавядае лідэр гурта Максім Кульша. - У момант напісання песні сінтэзатарныя гукі і гітарныя пасажы мне нагадалі пра горы, фьёрды, дзікую прыроду і адзіноту, да якой часам хоча дакрануцца кожны.
Рэжысёрам відэа стала сяброўка удзельнікаў The Blackmail Сакура Сато, якая аформіла і вокладку для новага міні-альбома.
- Мы адчулі, што Сакура зможа выдатна перадаць настрой песні ў відэа, - тлумачыць Максім Кульша. - Яна не займалася раней здымкай кліпаў, але як творчы чалавек выдатна справілася з задачай. Нам спадабалася паралель паміж вокладкай EP і відэа - халодная прырода, горы, снег, лясы.
18 траўня The Blackmail дадуць першы за сем месяцаў канцэрт. Выступ адбудзецца ў мінскім клубе Tarantino, а ўжо на наступны дзень на лэйбле APR выйдзе EP «Seasickness».
- Запіс новага рэлізу зацягнуўся на досыць працяглы тэрмін, і мы ўжо пачалі жартаваць, што нас «штарміць» ад гэтых песень, адсюль і назва «Seasickness», - распавядае Максім Кульша. - На самой справе, гучанне альбому цалкам характарызуе яго назву і тэкставую накіраванасць песень: тут я спяваю пра змушаныя падарожжы, далёкія краіны, далёкую дарогу да таго месца, куды звычайна ідуць усё жыццё, ад чаго само падарожжа і можа выклікаць марскую хваробу.
Прэзентацыя новага EP групы The Blackmail пры падтрымцы групы she - wolf . 18 траўня, клуб Tarantino (вул. Кастрычніцкая, 5, станцыя метро "Першамайская"). Пачатак у 19:00. Квіткі: 100 000. Заказ столікаў : +375 29 3778000.