10 аргументаў для паступлення на вучобу ў Вільню ад нямецкага культуролага Фелікса Акермана.
Мы шмат чытаем пра ўнутраныя спрэчкі ў ЕГУ. І публічная крытыка відавочная. На сённяшні дзень ВНУ праводзіць конкурс на ўсе галоўныя выкладчыцкія пазіцыі. Гэта азначае, што ўжо ўвосень ЕГУ пачынае новае жыццё з нанова адобраным выкладчыцкім калектывам. Універсітэт чакае новых студэнтаў, цікавых свету, якія прагнуць атрымаць якасную адукацыю ў беларускім асяроддзі ў Еўразвязе. Фелікс Аккерманн, нямецкі культуралог, які працуе ў ЕГУ 3-ці год у якасці дацэнта Нямецкай Службы Акадэмічнай ДААД у галіне прыкладной культуралогіі піша, чаму, на яго погляд, беларускім абітурыентам варта паступаць у віленскую ВНУ.
Я прыехаў, каб выкладать у ЕГУ у 2011 годзе, і павінен сказаць, што я вельмі ўдзячны за магчымасць удзельнічаць у такім асаблівым праекце. Наша знаходжанне ў Вільні — гэта адначасова і вялікі выклік, і вельмі важны вопыт. Муры старога горада, шматвекавая знаёмая ўсім, хто цікавіцца беларускай гісторыяй, спадчына, але разам з тым і сучасная дынамічная краіна Прыбалтыкі, побыт адной нагой у Беларусі і адной у Еўразвязе. Магчымасць злучыць менскі досвед ЕГУ з тым, што варта перажыць у Вільні – гэта, як мне падаецца, фантастычная магчымаць.
Еўрапейскі Гуманітарны Універсітэт сёння — гэта самы беларускі з універсітэтаў у Еўразвязе, і самы еўрапейскі сярод усіх беларускіх універсітэтаў. І гэта вельмі карысны досвед для ўсіх: не толькі для студэнтаў і выкладчыкаў, але і нашых шматлікіх партнёраў у Літве, і за яе межамі, у прыватнасці, у Нямеччыне. А што азначае тое, што мы лічым сябе еўрапейскім універсітэтам? Гэта, перш за ўсё, іншае стаўленне да студэнтаў. У ЕГУ менш звыклых для беларускіх вучняў шматгадзінных аднатыповых лекцыйных заняткаў, калі выкладчык дамінуе ў сваім маналогу, але больш працы на семінарах, у маленькіх групах, прэзентацыях і дыскусіях. Я бачу сэнс свайго прыбывання тут як раз у тым, што маючы іншы вопыт працы са студэнтамі, я магу прыўнесці яго ў навучальны працэс.
Вільня – гэта горад шматмоўнасці. І я вельмі ганарюся нашымі студэнтамі, якія дэ-факта скончваюць ЕГУ пяцімоўнымі: яны прыязджаюць сюды ўжо з расейскай, беларускай і школьнай ангельскай мовамі. Падчас першага году навучання атрымліваюць магчымасць пачаць вывучаць літоўскую, далей удасканаліць ангельскую. Акрамя таго, ЕГУ дае магчымасць вывучаць нават яшчэ адну мову: французскую ці нямецкую. Напрыклад, я ў ЕГУ выкладаю па-нямецку, па-беларуску, па-расейску і па-ангельску – думаю, гэта адзіны такі ўніверсітэт у свеце, дзе гэта ўвогуле магчыма, і я вельмі ўдзячны за такую магчымасць. Але, канешне, засваенне моўных курсаў шмат у чым залежыць ад працы саміх студэнтаў, таму і ўзровень валодання рознымі мовамі ў нашых студэнтаў можа быць розным.
Ствараючы ў Вільні Цэнтр Нямецкіх даследаванняў, я працую з усімі нашымі дэпартаментамі: медыя, права, паліталогія і гісторыя. Паколькі ЕГУ невялікі ўніверсітэт, для нашых студэнтаў магчыма атрымаць штосьці цікавае з зусім розных галінаў гуманітарных ведаў. Для гэтага ў нас на пачатку даецца так званы блок агульнаўніверсітэцкіх прадметаў, які важны як раз тым, што пашырае гарызонт і стварае зместавую падставу для далейшай вучобы ўжо па канкрэтнай спецыялізацыі. Напрыклад, наш цэнтр нямецкіх даседаванняў прапануе летнюю школу па параўнаўчаму праву, восеньскую акадэмію па паліталогіі і зімовую школу па ўрбаністыцы.
Ёсць добрая навіна для будучых студэнтаў і іх бацькоў. Не зважаючы на тое, што шмат якія краіны лічаць, што менавіта яны знаходзяцца ў цэнтры Еўропы, можна ўпэўнена сцвярдждаць, што Вільня знаходзіцца ў самым цэнтральным месцы ў Еўропе. Не толькі зыходзячы з геаграфічнага становішча, але і з больш прагматычнай для беларусаў нагоды: адсюль можна хутка паехаць у Менск, цягнік ідзе ўсяго 2,5 гадзіны. Адсюль можна наўпрост паляцець і ў Мюнхен, і ў Брусэль, і ў Берлін, і ў Дублін... Даехаць на машыне да Рыгі адсюль можна за 3 гадзіны, да Варшавы – за 7 гадзін, а ў Маскву ёсць прамы пералёт. Але я не пра авіялініі, а пра іншае: падчас навучання ў Вільні студэнты ЕГУ могуць пазнаёміцца са сваімі аднагодкамі з іншых еўрапейскіх краінаў, але разам з тым захаваць і нават узмацніць свае сувязі з Беларуссю. Большасць з тых, хто вучыцца стацыянарна, маюць выдатную магчымасць вяртацца на выходныя да бацькоў і сяброў у Беларусь, а яшчэ многа нашых студэнтаў вучыцца завочна, жыве і працуе ў Беларусі, маючы пры гэтым добрыя магчымасці вандраваць па Еўропе.
Толькі ўчора да мане тэлефанавалі з ўніверсітэту ў Брэмене: едзем у Менск у чэрвені і абавязкова хочам па дарозе сустрэцца з вашымі студэнтамі. 25 сакавіка я вадзіў міжнародную групу студэнтаў на каталіцкія могілкі, каб удзельнічаць у цырымоніі ўшанавання Беларускай Народнай Республікі. Падчас нядаўняй зімовай школы мы працавалі разам са студэнтамі з Беларусі, Літвы, Нямеччыны, Чэхіі і Эстоніі. А выкладаюць у ЕГУ, у асноўным, выкладчыкі з Беларусі, хаця прыязджаюць на заняткі і нашы калегі з шматлікіх краінаў Захадняй і Паўночнай Еўропы, з Паўночнай Амерыкі і лепшых ВНУ Расіі, Украіны.
Часта спрачаюцца пра тое, на каго навучаюцца нашы студэнты, кажучы, што ЕГУ для іх — гэта сваеасаблівы трамплін, каб патрапіць у Еўразвяз, і нашы выпускнікі потым не вяртаюцца дадому. Але персанальна я ўпэўнены, што пазіція «немабільны ў Беларусі» ці «мабільны і больш не ў Беларусі» — не працуе. Вопыт мабільнасці — гэта падстава еўрапейскага вопыту і падрыхтоўка да глабалізацыі. І як раз будучы ў Вільні, мы даем нашым студэнтам пачуццё таго, што азначае быць грамадзянінам у сучасным свеце і магчымасць пазнаёміцца з іншымі культурамі. Канешне, у выніку кожны сам абірае, куды ісці з ведамі і навыкамі, якія мы разам напрацавалі тут. Але з маіх студэнтаў і асістэнтаў апошніх трох год усе вярнуліся на Беларусь ці далей вучацца на магістратарскіх праграмах у розных краінах.
Паколькі ЕГУ мае ўнікальны вопыт у тэхналогіях лічбавага выкладання, мы даем нашым студэнтам больш, чым проста добрую адукацыю. Быць грамадзянінам у інтэрнэце – гэта больш чым быць анлайн увесь час і мець шмат сяброў у фэйсбуку ці кантакце. Гэта мае быць навыкам крытычнага стаўлення да таго, як інтэрнэт змяняе наша грамадства і навыкам сумеснай працы ў змешаных формах супрацоўніцтва – анлайн і афлайн. Хочам мы гэтага ці не, так будзе выглядаць будучыня любой працы ці актыўнасці. А ЕГУ дасць магчымасць навучыцца новым практыкам яшчэ да працоўнай кар’еры.
У ЕГУ шмат дасягненняў у акадэмічнай сферы. Я магу дакладна сцвярджаць гэта па галіне, у якой працую: наша культуралогія адна з лепшых на постсавецкай прасторы. Пад кіраўніцтвам Альміры Усманавай тут створана нешта ўнікальнае і вельмі важнае для Беларусі — гэта асяроддзе, у якім злучаюцца самыя цікавыя дыскурсы расейскамоўныя з усёй постсавецкай прасторы з ангельскамоўнымі навыкамі Заходняй Еўропы і Амерыкі. Вельмі важна, што мы тут, з аднога боку, не абмяжоўваемся вузкімі нацыянальнымі межамі, а з другога не выкарытоўваем захаднія тэорыі як сваеасаблівую біблію нашай працы. У гэтым сэнсе ЕГУ — сапраўды ўнікальнае месца, якое дыскурсіўна спалучае акадэмічныя прасторы Беларусі з Захадам і з Расеяй.
Я асабіста хачу запрасіць усіх студэнтаў, для якіх сапраўды цікавы сучасны свет, новыя навыкі і жаданне атрымаць досвед прынцыпова іншага навучання прыехаць у Вільню на вучобу. Застаючыся побач са сваімі сябрамі і бацькамі, у вас будзе новы, прынцыпова важны вопыт, які будзе мець пазітыўны ўплыў на ўсё далейшае жыццё. Я буду рады працаваць і абмяркоўваць з вамі вашы інтарэсы і перспектывы, а таксама дапамагчы з нямецкай ці ангельскай мовамі. Сам жа буду вельмі рады паразмаўляць з вамі па-беларуску. І яшчэ адзін немалаважны момант: ЕГУ — гэта супольнасцъ паміж выкладчыкамі і студэнтамі. Вы нам вельмі патрэбныя, таму што мы тут для Вас. Улетку 2012 я пераехаў са сваей сям’ёй з Берліна ў Вільню, каб працаваць з Вамі. Зараз ваша чарга.... таму што, будучыня за Вамі!