ЕГУ будзе супрацоўнічаць з Цэнтрам пераходных даследаванняў

ЕГУ

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт абвясціў пра падпісанне мемарандума аб супрацоўніцтве з Цэнтрам пераходных даследаванняў (ЦПД) — размешчанай у Лондане некамерцыйнай арганізацыяй, заснаванай беларусамі, што атрымалі адукацыю на Захадзе. ЦПД займаецца аналітыкай і адвакатаваннем палітыкі ў праблемах, з якімі сутыкаецца Беларусь у часе свайго пераходу да рынкавай эканомікі і вяршэнства права. 

Новападпісанае пагадненне паспрыяе супрацоўніцтву ў справе развіцця даследаванняў, выкладання і грамадзянскай актыўнасці, павязаных з Беларуссю, лічаць у ЕГУ. 

«Гэта стратэгічны крок для ЕГУ, які дэманструе нашую прыхільнасць да беларусістыкі і ўмацавання супрацоўніцтва з вядомымі беларускімі даследчыкамі і экспертамі з усяго свету», — сказаў прарэктар па камунікацыі і развіцці ЕГУ д-р Дарус Удрыс.

Адным з асноўных кірункаў дзейнасці ЦПД ёсць выпуск выданняў «Belarus Digest» і «Журнал беларускіх даследаванняў».

«Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт мае ўнікальнае размяшчанне, здольнае ператварыць яго ў вузлавы пункт для беларускіх даследаванняў. Мы будзем разам працаваць дзеля ўзмацнення ўнёску ЕГУ ў гэтай галіне і яго канкурэнтаздольнасці на міжнароднай арэне», — падкрэсліў дырэктар ЦПД д-р Яраслаў Крывой.

У межах супрацоўніцтва ўвага будзе надавацца высакаякаснаму выкладанню і правядзенню даследаванняў па гісторыі і сучаснасці Беларусі; новым праграмам акадэмічных стажыровак з прыцягненнем увагі да Беларусі для навукоўцаў, экспертаў ды іншых вядомых асобаў; развіццю даследніцкіх сетак і груп навукоўцаў, зацікаўленых Беларуссю, ды іншым галінам.

Адной з першых супольных ініцыятываў станецца дэманстрацыя выставы ЕГУ «Невядомая Беларуская Народная Рэспубліка» пры падтрымцы ЦПД падчас канферэнцыі «Кастусь Каліноўскі і працэс нацыястварэння ў Беларусі», якая пройдзе ў Лондане 28 сакавіка.

16:49, 04/03/2014 | Навіны |
comments powered by Disqus
 
In 0.0612 seconds.