ЕГУ абвяшчае адкрыты конкурс на сямнаццаць выкладчыцкіх пасад

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (ЕГУ) запрашае кваліфікаваных прадстаўнікоў акадэмічнай супольнасці, зацікаўленых у развіцці гуманітарнай адукацыі, падаваць заяўкі на 17 пастаянных выкладчыцкіх пасад у Акадэмічных дэпартаментах гісторыі, права, медыя і сацыяльных і палітычных навук. Гэтыя выкладчыкі ўтвораць асноўны выкладчыцкі склад універсітэта. З імі будуць падпісаныя дамовы на пяць гадоў з магчымасцю іх працягнуць. Неабходнае патрабаванне — знаходжанне ў Вільні.

Прапануецца пяць вакансій прафесараў, восем — дацэнтаў і чатыры — лектараў. У Дэпартамент медыя ЕГУ — найбуйнейшы ва ўніверсітэце як па колькасці акадэмічных праграм, так і па колькасці студэнтаў — будзе нанятая найбольшая колькасць пастаянных выкладчыкаў (восем). У тры астатнія вышэйзгаданыя дэпартаменты будзе нанята па тры пастаянныя выкладчыкі.

Выкладчыкі будуць прысвячаць свой ​​час як працы са студэнтамі, так і навукова-даследчай дзейнасці. Чакаецца, што яны будуць рабіць унёсак у развіццё акадэмічных праграм ЕГУ, а таксама ініцыяваць і кіраваць навукова-даследчымі праектамі.

Па словах рэктара і заснавальніка ЕГУ Анатоля Міхайлава, пастаянныя выкладчыцкія пасады ўводзяцца ў межах праграмы інстытуцыйнай рэформы, распрацаванай з мэтай паляпшэння якасці і прывядзення ўніверсітэта ў адпаведнасць з нацыянальнымі і еўрапейскімі нормамі.

«Патрэба ўніверсітэта ў ядры пастаянных выкладчыкаў стала відавочнай ужо некаторы час таму. Часовыя працоўныя дамовы, заключаныя ў перыяд, калі не чакалася такога доўгага выгнання універсітэта, павінны быць замененыя на больш стабільныя дамовы. Студэнтам неабходныя выкладчыкі, якія заўсёды на месцы, да якіх у любы момант можна звярнуцца і якія цалкам прысвячаюць сябе ўніверсітэту ў плане выкладання, навуковых даследаванняў і ўдзелу ў жыцці акадэмічнай супольнасці. Выкладчыкі, у сваю чаргу, змогуць скарыстацца новымі перавагамі, якія прадстаўляе ўніверсітэт, у тым ліку сацыяльнымі гарантыямі і льготамі, што вынікаюць з пастаянных працоўных дамоваў», — сказаў Міхайлаў.

Адміністрацыя чакае, што многія выкладчыкі, якія цяпер працуюць у ЕГУ, пададуць заяўкі на пастаянныя пасады, якія ўводзяцца ўпершыню пасля пераезду ўніверсітэта ў Вільню пасля гвалтоўнага закрыцця ў Мінску. Аднак звяртаем вашую ўвагу на тое, што конкурс з'яўляецца адкрытым і заяўкі ад знешніх кандыдатаў таксама вітаюцца.

Новы выкладчыцкі склад распачне выконваць свае працоўныя абавязкі ад 1 кастрычніка 2014 г. — ад пачатку восеньскага семестра ў ЕГУ. Апісанні вакансіяў і інструкцыі па заяўках даступныя па гэтай спасылцы.

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт — прыватны, некамерцыйны ўніверсітэт, заснаваны ў Мінску ў 1992 годзе. Пасля закрыцця ў Беларусі ў 2004 годзе ЕГУ працягнуў сваю працу ў Вільні. На цяперашні момант у ЕГУ навучаюцца каля 1500 студэнтаў, пераважна з Беларусі. ЕГУ — адзіны беларускі ўніверсітэт, што функцыянуе ў атмасферы акадэмічных свабодаў — прапануе магчымасці навучання на бакалаўрскіх, магістарскіх і доктарскіх праграмах, спрыяе развіццю навуковай дзейнасці ў галіне гуманітарных і сацыяльных навук.

Прэс-служба ЕГУ

17:26, 20/02/2014 | Навіны |
comments powered by Disqus
 
In 0.3319 seconds.