Рэктар Міхайлаў адмовіўся працягнуць працоўны кантракт кіраўніку Сената ЕГУ (+заява Сената)
Рэктар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта Анатоль Міхайлаў адмовіў кіраўніку Сената ЭГУ Паўлу Церашковічу ў магчымасьці працягнуць працоўны кантракт.
Павал Церашковіч падаў у рэктарат заяву з просьбай працягнуць кантракт, у сувязі з патрэбай падоўжыць дзеянне віду на жыхарства ў Літве.
Аднак на заяве стаіць рэзалюцыя рэктара Анатоля Міхайлава: адмовіць.
«Гэта азначае, што да канца верасня я яшчэ магу выкладаць ва ўнівэрсітэце, пакуль дзейнічае мой кантракт, — патлумачыў Радыё Свабода Павал Церашковіч. — Аднак фактычна пасля 23 красавіка, калі сканчаецца дзеянне віду на жыхарства, я ўжо не магу гэта рабіць».
Сенат ЕГУ прыняў заяву ў абарону Паўла Церашковіча
На чарговым пасяджэнні 29 студзеня 2014 года Сенат ЕГУ зрабіў адмысловую заяву ў сувязі з непрацягненнем працоўнага кантракту з прафесарам дэпартамента гісторыі, старшынём Сенату ўніверсітэта Паўлам Церашковічам:
«Сенат Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта выказвае сваю прынцыповую нязгоду ў сувязі з рашэннем рэктара Анатоля Міхайлава адмовіць прафесару дэпартамента гісторыі Паўлу Церашковічу ў працягненні працоўнага кантракту.
На нашу думку, гэта рашэнне носіць палітычны характар. Яно накіравана не столькі супраць прафесара, колькі супраць дзейнага старшыні Сенату – кіраўніка абранага законным шляхам органа акадэмічнага самакіравання універсітэта.
У сітуацыі зацяжнога канфлікту паміж адміністрацыяй і акадэмічнай супольнасцю дадзенае рашэнне перашкаджае выхаду з крызісу. У сувязі з гэтым мы звярнуліся да Генеральнай асамблеі сузаснавальнікаў і Кіруючай рады з просьбай адмяніць рашэнне».