Прарэктар ЕГУ: «Дэмакратыя не азначае бясконцыя працэдуры і параліч»

У пачатку тыдня рэктар Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта Анатоль Міхайлаў падпісаў загад аб абвяшчэнні адкрытага міжнароднага конкурсу на замяшчэнне 17 выкладчыцкіх пазіцый. Старшыня Сенату Павел Церашковіч назваў такі крок наўпроставым умяшаннем адміністрацыі ў дзейнасць галоўнага органа акадэмічнага самакіравання і фактычным прысваеннем ягоных паўнамоцтваў. На рэзкую заяву Старшыні Сенату адказвае прарэктар па развіцці і камунікацыі ЕГУ Дарыюс Удрыс.

Прарэктар па развіцці і камунікацыі ЕГУ Дарыюс Удрыс
Прарэктар па развіцці і камунікацыі ЕГУ Дарыюс Удрыс, фота delfi.lt

Generation.by атрымаў ліст з каментарамі спадара Ўдрыса:

«Мы падышлі да такога моманту, калі больш нельга затрымліваць рэалізацыю рэформы прафесарска-выкладчыцкага складу. Гэтага патрабуе акрэдытацыя універсітэта, якая хутка мусіць адбыцца ў адпаведнасці з нормамі Міністэрства адукацыі і навукі Літвы, не кажучы ўжо пра неабходнасць паляпшэння ўмоў працы прафесарска-выкладчыцкага складу. Мы ўсе згодныя з тым, што прафесарска-выкладчыцкаму складу патрэбныя добрыя ўмовы працы, замацаваныя ў працоўных дагаворах. Пасля некалькіх спробаў атрымаць канструктыўныя прапановы ад Сенату стала відавочным, што некаторыя асобы выкарыстоўваюць працэсуальныя механізмы, каб абцяжарыць працэс прыняцця рашэнняў. Дэмакратыя не азначае бясконцыя працэдуры і параліч.

Рэалізацыя рэформаў павінна была пачацца яшчэ ў мінулым годзе, але праект быў адкладзены для таго, каб даць дадатковы час для канструктыўных альтэрнатыўных прапаноў. На жаль, ні адна альтэрнатыва так і не была прапанаваная.

На дадзены момант універсітэт павінен зрабіць патрэбныя змены. Гэта будзе зроблена на аснове правілаў адбору, зацверджаных Сенатам ў 2010 годзе, якія па-ранейшаму дзейнічаюць, а не на аснове прапанаваных новых правілаў, якія не былі адобраныя Сенатам. Рашэнне рэктара было прынята ў адпаведнасці з літоўскім заканадаўствам. Яно распрацоўвалася пры непасрэдным удзеле юрыстаў.

Наша асноўная задача заключаецца ў правядзенні адкрытага конкурсу, у выніку якога павінны быць абраныя 17 членаў прафесарска-выкладчыцкага складу, з якімі будуць заключаныя доўгатэрміновыя працоўныя дагаворы з нагрузкай на поўную стаўку, а таксама ў правядзенні ўнутранага адбору на 40 дадатковых ставак (пазіцыі з нагрузкай ад 0,25 да 1 стаўкі). Усім работнікам прафесарска-выкладчыцкага складу будуць прапанаваныя годныя ўмовы працоўных дамоваў. Астатнюю частку прафесарска-выкладчыцкага складу будуць складаць запрошаныя прафесары і выкладчыкі. Мы лічым, што такія ўмовы ў поўнай меры адпавядаюць сучасным патрабаванням студэнтаў нашага ўніверсітэта».

У восені мінулага году значная частка выкладчыкаў Еўрапейскага Гуманітарнага Ўніверсітэта аб’ядналася ў платформу «За новы ЕГУ» з патрабаваннем рэформаў. Прадстаўнікі платформы атрымалі большасць на выбарах у Сенат.
Уні Вера 15:23, 15/01/2014 | Навіны |
comments powered by Disqus
 
In 0.0704 seconds.