У ЕГУ развіваецца канфлікт: старшыня Сенату ўніверсітэта абвінавачвае адміністрацыю ў прысваенні паўнамоцтваў

Увечары 13 студзеня рэктар Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта Анатоль Міхайлаў падпісаў загад аб абвяшчэнні адкрытага міжнароднага конкурсу на замяшчэнне 17 выкладчыцкіх пазіцый. Старшыня Сената Павел Церашковіч лічыць гэта наўпроставым умяшаннем адміністрацыі ў дзейнасць галоўнага органа акадэмічнага самакіравання і фактычным прысваеннем ягоных паўнамоцтваў.

На чарговы скандал у універсітэце звяртае ўвагу платформа «За новы ЕГУ», ад якой Generation.by атрымаў ліст з каментарамі падзеяў.

Па статутных дакументах універсітэта рэктар сапраўды мае права аб'яўляць конкурс. Аднак, згодна з тымі ж дакументам, конкурс мусіць рыхтаваць Сенат. Менавіта яму дадзена права вырашаць, як, па якіх правілах і крытэрах будуць набірацца выкладчыкі. Больш за тое, менавіта за Сенатам замацавана права фармаваць конкурсную камісію, якая будзе ацэньваць прэтэндэнтаў. Усе гэтыя правы фактычна перакрэсленыя апошнім рашэннем кіраўніцтва. 

Падрыхтоўка патрабаванняў да кандыдатаў даручана кіраўнікам акадэмічных дэпартаментаў. Сфармаваць конкурсную камісію па адборы выкладчыкаў прапанавана вышэйшай інстанцыі — чальцам Кіраўнічай рады. Прычым – згодна з праектам – без удзелу сенатараў, выкладчыкаў і студэнтаў. Рэктар Міхайлаў сваім загадам канчаткова і дэманстратыўна выключае «мяцежны» Сенат з сістэмы прыняцця кадравых рашэнняў.

Павел Церашковіч, старшыня Сенату:

«Складана назваць тое, што адбываецца інакш, як адміністрацыйным самаўпраўствам. Ці зможа Сенат, які па вызначэнні адказвае за якасць, пры такім раскладзе на гэтую якасць уплываць? Ці будзе пры гэтым конкурс адкрытым і празрыстым, як гэта было абяцана рэктарам неаднаразова? Сцвярджальныя адказы на гэтыя пытанні сумнеўныя. Адміністрацыя адкрыта дэманструе нежаданне супрацоўнічаць. Сенат прапановаў "дарожную мапу" выхаду з крызы, перамовы. У адказ — паліванне брудам апанентаў. На жаль, ніякі інтэлект, нават самы магутны, не здольны супрацьстаяць разбэшчванню неабмежаванай уладай, звычцы кіраваць на свой капыл, нягледзячы на парушэнне правілаў і працэдур. Сенат мае намер адстойваць свае правы. Правілы і працэдуры для гэтага ёсць».

Сітуацыя пагаршаецца тым, што на момант абвяшчэння конкурсу ні Сенату, ні прафсаюзу, ні акадэмічнай супольнасці не былі прадстаўленыя канчатковыя правілы правядзення міжнароднага конкурсу, якім яго бачыць адміністрацыя. Па пярэдняй інфармацыі, рэформа прадугледжвае скарачэнне ставак ня менш, чым на 25% праз «унутраны адбор» тых, хто не прайшоў адбор знешні. На думку прафсаюза ўніверсітэта, само сумяшчэнне конкурсу і скарачэння, а таксама ўмовы працы для тых, хто застанецца, не адпавядаюць літоўскаму заканадаўству.

Канстанцін Ткачоў, намеснік старшыні прафсаюза працаўнікоў ЕГУ «EHUnion»:

«Скарачэнне штата — гэта асобная працэдура з пэўнымі правіламі, усталяванымі заканадаўствам, і яны парушаюцца. Гэта першае. Другое — конкурс з'яўляецца дыскрымінацыйным. Па ягоных выніках толькі 17 выкладчыкаў універсітэта будуць пастаяннымі, усе астатнія апынуцца выкладчыкамі-візіцёрамі. З імі паводле заканадаўства заключаецца працоўная дамова не больш, чым на два гады. Але шмат хто ўжо адпрацаваў ва ўніверсітэце значна больш. І гэта толькі першыя пункты ў доўгім спісе прэтэнзій».

Сябры дэмакратычнай большасці Сената абураныя адміністрацыйнай інтэрвенцыяй і лічаць абвяшчэнне конкурсу небяспечнай ініцыятывай з непрадказальнымі наступствамі: новы навучальны год ЕГУ можа сустрэць без шэрагу вядучых выкладчыкаў і з радыкальна перапрацаванымі пад новыя кадры навучальнымі планамі.

13:31, 14/01/2014 | Навіны |
comments powered by Disqus
 
In 0.0881 seconds.