Як стомлены ад дзяржаўнай працы малады геолаг стварыў дзёрзкі брэнд LSTR Adzieńnie

Стваральнік моднага стрытвэар брэнду LSTR —  пра тое, як спалучыць лірыку з мужнасцю і адвагай. 

Ілля Аксёнаў у свой час марыў стаць навукоўцам. Але папрацаваўшы геолагам у дзяржаўнай канторы, вырашыў, што лепей будзе займацца навукай стварэння вопраткі з гістарычнымі прынтамі.

LSTR Adzienne з’явілася амаль два гады таму. Ілля і з сябрамі-дызайнерамі даўно выношваў думку стварэння брэнду. І вось стомлены ад дзяржаўнай працы геолаг аднойчы ператварыў хобі ў бізнес. 

«Я неяк прачытаў у інтэрнэце такі нашумелы артыкул «Пакаленне Last».У адным з адказаў на гэты тэкст была выказана такая слушная думка, што беларушчына з’яўляецца такім шчытом ад усіх. То бок ты можаш рабіць нейкую музыку і калі ты беларускамоўны, то ў цябе ёсць нейкая публіка, прэса. Ты можаш рабіць абсалютна неталенавітую музыку, але беларушчына будзе тваё абаронай. Я з гэтым вельмі пагадзіўся, бо ў гэтым беларускамоўным свеце бачыў шмат таго, што мне не падабалася. Таму мне захацелася зрабіць па-сапраўднаму нешта крутое, каб яно было і якаснае і беларускае па сваёй сутнасці».

Захоплены гісторыяй Ілля з дапамогай крэатыўных сяброў пачаў ствараць вопратку для тых, хто шануе беларускую спадчыну, для тых самых, хто «не хоча быць скотам». Першыя шапкі з калюмнамі з’явіліся ўзімку 2011. Агулам калюмны ў LSTR не проста вобраз, Ілля зрабіў калюмны гандлёвай маркай. Таму на этыкетачцы кожнага тавару можна знайсці знакаміты вялікалітоўскі сімвал.

«Я проста падумаў, што насамрэч мяне натхняе. І высветлілася, што сярэднявечныя замкі, бітвы... А калюмны даюць такі добры адсыл да гістарычна-баявых падзей. Нас вось дарэчы хтосьці ў нейкім плагіяце абвінавачвае. Дзіўна, які плагіят, што сам Гедымін абураецца?!»

Пакрысе пачалі з’яўляцца розныя прадметы гардэробу з гістарычнымі перамогамі, вершнікамі і ваярамі. Нягледзячы на тое, што стыль адзення разлічаны галоўным чынам на моладзь, сярод пакупнікоў — значная частка дарослага пакалення. А кожны другі кліент яшчэ імкнецца неяк дапамагчы. Адзенне можна знайсці ў некалькіх крамах, але часцей за ўсё яго замаўляюць на сайце. Альбо праз сацыяльныя сеткі, напісаўшы ў паведамленні Кастусю Езавітаву. Такі псеўданім Ілля абраў невыпадкова, гэта таксама частка брэнду. Аднак не кожны гэта разумее. 

«Заўсёды здзіўляла, што не ўсе ведаюць такога выдатнага дзеяча Кастуся Езавітава. Сем з дзесяці кліентаў мяне называюць Кастусь. Я ўжо нават і прызвычаіўся да гэтага. Езавітаў яшчэ ж і вершы пісаў. То бок, спалучаецца такі лірычны складнік з мужнасцю і адвагай».

Бяскрыўдныя гістарычныя малюнкі некалькі разоў адмаўляліся друкаваць. Для Беларусі такое не дзіва, але Ілля ўпэўнены, што справа тут далёка не ў запалоханасці.

«У Беларусі перамагае бабло. Кожнаму чалавеку, нават у «Карандашы», калі яму даць грошы, ён надрукуе дзесяць «Пагоняў», я ўпэўнены. Таксама калі мы адносілі на рэалізацыю, некаторыя адмаўлялі. Я памятаю такую фармулёўку: «Не ўсе пагодзяцца з вашай пазіцыяй». З якой пазіцыяй? Я проста прызвычаіўся да такога ў нас, бо Беларусь — краіна абсурду». 

З планаў і нерэалізаваных ідэй — партрэт Багушэвіча ў 3D, Дзед-Барадзед ды выявы са Слуцкім збройным чынам і бітвай пад Палонкай. 

Прынт-скрын

Нам хочацца знаходзіцца трошкі ў андэграўндзе, гэта проста нават лепей для справы. Калі мы будзем пашырацца, то мы хутка зробімся папсой. І гэта будзе таксама нікому нецікава. 

Кроў, вайна, забойствы — гэта не тое каб папулярныя штукі, але правакацыйныя. І зразумела, што адзенне павінна быць у нейкім сэнсе таксама правакацыйным, не павінна пакідаць абыякавым.  

Пра нас кажуць як пра бізнес, мы фігуравалі ў артыкулах з паметкай «бізнес па-беларуску» і ўсё такое. Гэта ўсё ж такі культурніцкі праект. Зразумела, каб існаваць далей, нам патрэбныя сродкі. Але гэта такі праект папулярызацыі беларускай гісторыі, беларушчыны.

Усё, і ў тым ліку нас спрабуюць увесь час палітызаваць, і гэта ўвогуле праблема ў беларускім грамадстве. Тое самае тычыцца і бара «Тутэйшыя». Гісторыя з ім дарэчы паказала, што вось нехта напісаў артыкул, з’явіўся рэпост на «Хартыі» і да іх прыйшлі правяраючыя. «Хартыя» напіша аднойчы, а праблем колькі адразу з’яўляецца. 

Я не лічу сябе нацыяналістам, не вешаю нейкія ярлыкі. Я лічу сябе грамадзянінам, шаную мову і культуру. І мне падаецца, што нашыя тавары набываюць таксама такія сапраўдныя грамадзяне Беларусі. Не хацеў бы акрэсліваць іх як «свядомыя», тым больш што гэтае слова дзякуючы прапагандзе атрымала супернегатыўную канатацыю.

Людзям гэта цікава, кнігі пра беларускую гісторыю разыходзяцца. Нельга думаць, што ў нас Сярэднявечча і ўсім на ўсё пофіг. Калі я пачынаў, я думаў, што такіх людзей увогуле вельмі мала. А аказалася, што іх не сто і не тысяча, а значна больш.  

Фота: Юля Сакалоўская


Наста Darteco 14:40, 30.12.2013 | Y Business |




comments powered by Disqus
 
In 0.0483 seconds.