Першым прарэктарам ЕГУ стаў амерыканец з Топ-5 самых высокааплачваемых кіраўнікоў каледжаў ЗША

У ЕГУ з’явілася новая топ-пасада і яе заняў амерыканец з беларускімі каранямі. Новая высокая пасада ў ЕГУ завецца правост, паводле традыцыйнай для беларускіх ВНУ сістэмы — гэта першы прарэктар. Выканаўчы камітэт Кіраўнічай рады Еўрапейскага ўніверсітэта абвясціў пра прызначэнне на пасаду правоста і галоўнага аперацыйнага дырэктара Г. Дэвіда Поліка. 

Часопіс Forbes змяшчаў у 2010 годзе доктара Поліка з заробкам 2.3 млн $ на трэцяе месца у спісе самых высокааплачваемых прэзідэнтаў каледжаў ЗША.

«Д-р Полік быў абраны сярод іншых кандыдатаў, таму што ён мае вялізны досвед у справе эфектыўнага з'яднання выкладчыкаў, студэнтаў і супрацоўнікаў адміністрацыі дзеля выканання галоўнай задачы ўніверсітэта: забеспячэння высокаякаснай адукацыі для ўсіх студэнтаў у моцнай і пазітыўнай акадэмічнай супольнасці», – патлумачыў прызначэнне старшыня Кіраўнічай рады ЕГУ Дэніэл Таршыс.

«Мы з радасцю прымаем д-ра Поліка ў шэрагі супольнасці ЕГУ. Мы перакананыя, што яго высокая кампетэнтнасць і лідарскія якасці вельмі прыдадуцца нам, каб працягваць справу аптымізацыі палітыкі і практык кіравання ЕГУ», — адзначыў рэктар Анатоль Арсеньевіч Міхайлаў.

Полік атрымаў доктарскую ступень па філасофіі ў Атаўскім універсітэце (Канада) і ступень ліцэнцыята па філасофіі Ўніверсітэта Святога Паўла (Канада). Пастаянны прафесар філасофіі. Мае больш чым трыццацігадовы досвед кіравання прыватнымі каледжамі. Займаў пасаду правоста і в.а. прэзідэнта Дзяржаўнага ўніверсітэта Нью-Ёрка (SUNY, аддзяленне ў Кортландзе), працаваў прэзідэнтам і галоўным выканаўчым дырэктарам Чыкагскага інстытута мастацтваў, прэзідэнтам Каледжа Лебанон-Вэлі (ЗША) і прэзідэнтам Паўднёвага каледжа Бірмінгема (ЗША). Яго продкі паходзяць з Беларусі.

Аднак паводле звестак сябра Сенату ЕГУ, прафесара Паўла Церашковіча, першы прарэктар ЕГУ не валодае беларускай і рускай мовамі.  

Полік быў прызначаны па выніках міжнароднага пошуку, што адбываўся ўлетку і на пачатку восені 2013 года. Агулам было разгледжана больш за трыццаць кандыдатур высокага ўзроўню з розных краін свету.

Цягам снежня, студзеня і лютага Полік некалькі разоў наведае ЕГУ і правядзе шэраг сустрэч са студэнтамі, выкладчыкамі і фундатарамі ўніверсітэта. Ён распачне стала працаваць на пасадзе правоста ЕГУ ад 1 сакавіка 2014 г.

Уні Вера 22:56, 16/12/2013 | Навіны |
comments powered by Disqus
 
In 0.0055 seconds.