У Берасці забаранілі паказ класікі беларускага кіно

«Тузін.Немаўля» — музычны праект інтэрнэт-парталу Tuzin.fm. Сэнс яго палягае ў тым, што сучасныя беларускія выканаўцы ствараюць свой саўндтрэк да першых беларускіх нямых фільмаў і прадстаўляюць яго ўжывую на сцэне ў фармаце кінаканцэрта. Адзін з такіх канцэртаў меўся адбыцца 15 снежня ў Берасці. Планавалася паказаць фільм рэжысёра Ўладзіміра Корша-Сабліна «У агні народжаная» у жывым суправаджэнні гурта Re1ikt. Імпрэза праекта «Тузін.Немаўля» была ўзгаднена з начальнікам культуры Берасцейскага гарвыканкаму Сяргеем Панасюком. 

Аднак кіраўніцы адзела па ідэалагічнай працы Але Старыкевіч не спадабалася наяўнасць у стужцы чальцоў Рады БНР, а таксама генерала Булак-Булаховіча. Пасля чыноўнікі пацікавіліся ў галоўнага арганізатара Сяргея Будкіна, ці будуць на канцэрце прысутнічаць сябры партыі БНФ. 

У выніку Будкіну адмовілі праводзіць кінаканцэрт, які быў зацверджаны ў Міністэрстве культуры і паказаны нават на фестывалі «Лістапад».  

«Магчыма проста гэтыя людзі, маю тут на ўвазе найперш кіраўнічку аддзелу ідэалагічнай працы Алу Старыкевіч і намесніка старшыні Берасцейскага гарвыканкаму Генадзя Барысюка, знаходзяцца не на сваім месцы, бо замест таго, каб спрыяць рэалізацыі творчых ініцыятываў у горадзе, яны ўсяляк перашкаджаюць гэтаму», — кажа кіраўнік праекту «Тузін.Немаўля» Сяргей Будкін. 

Між тым, галоўны берасцейскі ідэолаг Ала Старыкевіч не аднойчы спрыяла забароне канцэртаў гурта «Дай дарогу!». Тым часам як у менскіх ідэолагаў частыя канцэрты панкаў не выклікаюць пытанняў. 

comments powered by Disqus
 
In 0.0576 seconds.