Вайцюшкевіч падпольна прэзентаваў у лазні альбом турэмнага шансону

Ідэя праекту належыць Генадзю Бураўкіну, які і напісаў большасць тэкстаў. Такім чынам шансон загучаў па-беларуску. Прэс-канферэнцыю, прысвечаную выхаду новага альбому «Варанок» Вайцюшкевіч сабраў у адпаведным месцы — у саўне. Журналістам да апошняга дня не паведамлялі дакладных каардынатаў прэзентацыі ствараючы дадатковую пікантнасць сітуацыі, у якой альбом турэмнага шансону прэзентуе забаронены артыст.

«Мы тут хацелі мяне арыштоўваць, спектакль цэлы рабіць. Але вырашылі, што дастаткова лазні», — тлумачыць журналістам сваю задуму Зміцер Вайцюшкевіч. 

Свой шансон музыка ўжо даваў паслухаць некаторым таксістам — асноўнай мэтавай аўдыторыі альбома. Для некаторых засталося незразумелым, ці то гэта жарт, ці гэта сапраўдны шансон ад Вайцюшкевіча.

«Гэты альбом не х-хі і ха-ха, канешне там ёсць і хі-хі і ха-ха, але збольшага, гэта спроба расказаць пра чалавека, які пражыў у цяжкіх жыццёвых абставінах», — заўпэўніў на прэс-канферэнцыі Зміцер.

Трохгадовая праца над праектам супала з забаронай на канцэрты музыканта. У гэтым ёсць свая іронія. Цяпер Вайцюшкевіч, такі «музыка ў законе» спявае падпольна не толькі пра красуню вясну і Яблонскую, але і пра астрожніцкія муры і турэмныя двары. Калі ён зможа публічна выступаць, прадбачыць немагчыма. Але музыка ўвесь час спрабуе дагрукацца да чыноўнікаў.

«Увесь час арганізатары канцэрта грукаюцца ў дзверы Райспалкомаў і кажуць: „Можна Вайцюшкевіча?“ Яны кажуць: „Нет!“ І не могуць напісаць паперу, што нельга і не могуць напісаць паперу, што можна».

Публічная прэзентацыя альбому «Варанок» Змітра Вайцюшкевіча адбудзецца 12 снежня ў Артсядзібе і 17 снежня ва Ўправе БНФ. Дыск можна набыць у інтэрнэт-краме «Prastora.by».


Журналісты крыху разгубіліся праз неабходнасць здымаць абутак на прэс-канферэнцыі.

Фота: Юля Сакалоўская


Наста Darteco 20:10, 11.12.2013 | Рэпартажы |




comments powered by Disqus
 
In 0.0461 seconds.