Спажываньне піва абараняе ад радыяцыі
Японскія навукоўцы даказалі што піва, а таксама больш моцныя алькагольныя напоі, абараняюць арганізм ад радыеактыўнага выпраменьваньня. Такая выснова была зробленая у часе экспэрымэнтаў, што праводзілі спэцыялісты з Інстытута промневай мэдыцыны ў горадзе Тыбе, паведамляе ИТАР-ТАСС.
Высьветлілася, што адной паўлітровай бутэлькі сьветлага піва дастаткова, каб зьнізіць колькасьць храмасомных пашкоджаньняў на 34%. Гэтыя пашкоджаньні ўзьнікаюць у храмасомах пад узьдзеяньнем рэнтгенаўскіх промняў альбо часьціцаў, напрыклад, іёнаў вадароду.
Навукоўцы лічаць, што гэты эфэкт дасягаецца дзякуючы спалучэньню з алькаголем біялягічна актыўных зьяднаньняў, што ёсьць ў піве, такіх як псэўдаўрыдын, мелатанін і гліцын-бетаін. Вядома, што свабодныя радыкалы, якія пры апраменьваньні прыводзяць да генэтычных пашкоджаньняў, паглынаюцца сьпіртам. Адпаведна, безалькагольнае піва ня можа абараніць ад радыеактыўнага выпраменьваньня.
Раней аб аздараўляючых якасьцях піва заяўлялі навукоўцы з генуэзскага Інстытута пухлін. Пры вывучэньні складу напою яны заўважылі вялікую колькасьць малекулаў, што перашкаджаюць разьвіцьцю злаякасных утварэньняў у чалавечым арганізьме. Прычым найбольш карысным у гэтым пляне зьяўляецца піва, што мае больш горкі смак і больш шчыльную пену.