Гурт ili-ili выдаў беларускамоўны альбом
Гурт ili-ili выдаў свой другі альбом «list». Гэта першы цалкам беларускамоўны рэліз гурта. У альбом увайшло дзесяць трэкаў, паведамляе сайт Ultra-Music.
— Падчас гастроляў з тэатрам у Францыі мы зразумелі, што за мяжой мацней адчуваеш сувязь з радзімай, — кажа ўдзельнік гурта Міша Зуй. — З гэтага адчування нарадзіўся альбом, які быццам ліст блізкім і самому сабе з-за мяжы. І ён мусіць быць на роднай мове.
На новым альбоме у гурта з’явілася жывая рытм-секцыя: бас-гітарыст Аляксандр Сіманаў, які таксама грае ў гурце Artefact, і бубнач Зміцер Харытановіч, вядомы па шматлікіх беларускіх гуртах. Акрамя таго у запісе альбома прымалі ўдзел і іншыя музыкі: Ганна Міркас (скрыпка) і Кацярына Клімовіч (альт), кантрабасіст Уладзімір Кудраўцаў. А ў песні «Miadźviedzica» разам праспявала Анастасія Шпакоўская. Па словах музыкаў, удзел новых людзей адбіўся на гучанні іli-ili.
— Часам кажуць: «О, тут сінтэзатар як у Arcade Fire» або «Тут падобна на Depeche Mode», хоць наогул не зразумела, адкуль такое параўнанне, — кажа гукарэжысёр і саўнд-прадусар альбома Віталь Кулеўскі. — Але альбом не падобны на тое, што мы слухаем. Што хацелі, тое і рабілі. Ёсць гурты, якія падабаюцца нам усім, але ў кожнага свае густы. Але атрыманы прадукт — гэта вынік нашага досведу.
Альбом на фізічных носьбітах выдае кампанія «Вігма». Да прэзентацыі альбома прымеркаваны вялікі канцэртны тур. Музыкі ўжо выступілі ў Віцебску і Бабруйску, хутка адбудуцца канцэрты ў Мінску (5 снежня) і Магілёве (18 снежня).