Горацкая моладзь хоча вырашаць праблемы

16 ліпеня ў Горках прайшлі “Моладзевыя слуханьні” па актуальных мясцовых праблемах. Удзельнікі імпрэзы вызначылі ня толькі найбольш важныя аспэкты сацыяльнага і культурнага жыцьця студэнцкага горада, але й склалі пляны па іх вырашэньні.

Дыскусія сабрала два дзясяткі горацкіх маладзёнаў, якія вызначылі тры найбольш актуальныя на іх погляд праблемы горада. Імі па вэрсіі моладзі сталі сацыяльная неўпарадкаванасьць (адсутнасьць гарачай вады ў інтэрнатах, недастатковае асьвятленьне некаторых раёнаў горада, занядбанасьць дарог), недастатковае культурнае разьвіцьцё (малая колькасьць масавых забаўляльных мерапрыемстваў для мясцовай моладзі, немагчымасьць творчай самарэалізацыі), а таксама адсутнасьць разгалінаванага лякальнага рынку СМІ для моладзі і пра моладзь.

Пра апошняе, у прыватнасьці, удзельнікі зазначылі, што не зважаючы на тое, што ў горадзе каля 30% насельніцтва – гэта студэнты, школьнікі і людзі да трыццаці гадоў, лякальная прэса і радыё ўзгадваюць пра моладзь толькі ў разьдзелах крымінальнай хронікі. На старонках дзяржаўнай і недзяржаўнай газэт няма рубрык, прысьвечаных маладзёвай тэматыцы, а спробы распаўсюду самвыдату, як і паўсюдна, пільнуюцца з боку ўладаў.

Сярод прапанаваных моладзьдзю рашэньняў сытуацыі па трох вызначаных тэмах можна назваць такія, як правядзеньне сэрыі акцыяў сацыяльнай тэматыкі, наладжваньне альтэрнатыўных культурніцкіх імпрэзаў, а таксама супраца зь існымі СМІ і стварэньне ўласных, напрыклад, інфармацыйна насычанай старонкі ў Інтэрнэце.

На думку фасылітатараў моладзевай сустрэчы, прадстаўнікоў Магілёўскага Агенцтва рэгіянальнага разьвіцьця і міжрэгіянальнага супрацоўніцтва Зьмітра Салаўёва і Віталя Макаранкі, мерапрыемства дала канкрэтныя вынікі, бо моладзь ня толькі паспрабавала накідаць пляны магчымых рашэньняў уласных праблемаў, але і прыняла рашэньне пра ажыцьцяўленьне гэтых плянаў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0579 seconds.